RFE/RL |
Серада, 11 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У выніку выбараў і пазьнейшых дэманстрацыяў Югаславіяй пачынае кіраваць дэмакратычны прэзыдэнт Войіслаў Каштуніца, які, аднак, далей сутыкаецца з супрацівам з боку палітычных апанэнтаў у парлямэнце і ўрадзе Сэрбіі. Хаця былы прэзыдэнт Югаславіі Мілошэвіч закрыўся ў адной са сваіх рэзыдэнцыяў і публічна не паказваецца, аднак ягоныя шматлікія прыхільнікі на кіруючых пасадах не аблягчаюць Каштуніцы поўнага пераняцьця ўлады… Новаабраны прэзыдэнт Югаславіі спрабуе дасягнуць зьмены складу сэрбскага парлямэнту і ўраду. Гэтыя ворганы былі сфармаваныя на 4-хгадовы пэрыяд у 98-м годзе пераважна сацыялістамі Мілошэвіча і нацыяналістамі з Радыкальнай Партыі Шэшаля. На працягу апошніх дзён створаныя па ўсёй краіне гэтак званыя “крызісныя штабы” пераймаюць кантроль над стратэгічнымі ўстановамі, ўключна з банкамі, судамі і буйнымі кампаніямі. Некаторых уплывовых, палітычных праціўнікаў Каштуніцы ўдалося пазбыцца, але далёка ня ўсіх. Паводле апазыцыйнага лідэра Зорана Джынджыча, напрыклад, сэкрэтныя службы працягваюць падрыўную дзейнасьць уключна з падслухоўваньнем апанэнтаў. Кіраўнік агульнарэспубліканскага штабу ў Белградзе Міралюб Лабус заявіў, што лічыць сябе ледзь не выканаўцам абавязкаў прэм’ера. Учора, быў адхілены ад пасады рэктар і ўсё кіраўніцтва белградзкага ўнівэрсытэту. Усё гэта адбываецца пры пасыўнасьці паліцыі, якая роўназначная падтрымцы. Учора сам Каштуніца прызнаў, што “паліцыя на нашым баку, і зараз мы павінныя дасягнуць таго самага ў дачыненьні да арміі”. Сёньня ён плянаваў сустрэчу Рады абароны, ў склад якой уваходзяць прэзыдэнты Сэрбіі і Чарнагорыі, міністар абароны і армейскае камандаваньне. Аднак яна, праўдападобна, адбудзецца пазьней, паколькі пад пытаньнем застаецца ўдзел у ёй прэзыдэнта Чарнагорыі Дзюканавіча, які два дні таму меў дарожную аварыю і прэзыдэнта Сэрбіі Мілюцінавіча, які можа праігнараваць сустрэчу. (Дарэчы, згодна амэрыканскай газэце Wall Street Journal, у вырашальны момант армія стала на баку Каштуніцы. Вайсковыя камандзіры запатрабавалі ад Мілошэвіча адстаўкі і пасьля гэтага той здаўся.) Учора сэнат ЗША прыняў адмысловую рэзалюцыю, ў якой павіншаваў сэрбзкі народ з удзелам у выбарах і адхіленьнем Мілошавіча ад улады. Сэнатары выказалі Сэрбам прызнаньне за іхную сьмеласьць, за ўступленьне на шлях дэмакратыі і вяршэнства закону, за адхіленьне дыктатуры ды спыненьне ізаляцыі краіны. Сэнат ЗША заявіў аб сваёй гатоўнасьці аднавіць сяброўскія адносіны паміж амэрыканскім і сэрбзкім народамі. ЗША накіравалі на Балканы свайго пасланьніка Джыма О’Брайена, які наведае Белград, Косава і Сараева. Як паведаміў прадстаўнік Дзярж-дэпартамэнту Рычард Баўчэр: (Баўчэр: ) “У часе гэтага візыту О’ Брайен абмяркуе шэраг пытаньняў. Мы хочам уцягнуць новы ўрад Югаславіі ў перамовы аб скасаваньні санкцыяў, у прыватнасьці, датычныя фінансаў і візаў, якія былі накіраваныя супраць Мілошэвіча і ягоных памагатых. Мы хочам не дазволіць ім перахапіць альбо растраціць дзяржаўную маёмасьць” Рычард Баўчэр дадаў, што Злучаныя Штаты, гэтак, дарэчы, як і Эўразьвяз, хочуць дапамагчы Югаславіі ў адбудове і інтэграцыі ў міжнародныя структуры. Аднак сьпешнае перайманьне ўлады, што прызнае сам Каштуніца, адбываеца са шматлікімі парушэньнямі. Зь цяжкасьцямі праходзіць фармаваньне пераходнага ўраду Сэрбіі, які мелі стварыць прадстаўнікі чатырох сілаў: дэмакратычнай апазыцыі, пост-камуністаў, левацэнтрыстаў і радыкалаў. Ў замен за згоду на датэрміновыя выбары ў другой палове сьнежня, прыхільнікі Каштуніцы абяцалі тром астатнім сілам роўны доступ да дзяржаўных СМІ, поўнасьцю перанятых апазыцыяй. (расейскі тэлеканал ОРТ ) “Учарашнія перамовы ў гэтай справе зайшлі ў тупік, калі прыхільнікі Каштуніцы запатрабавалі для сябе надзвычай важнай у краіне пасады міністра ўнутраных справаў. У адказ радыкалы Шэшэля, якія лічаць трансфармацыю ўлады пераваротам, сарвалі перамовы. Яны заявілі, што не вернуцца да стала перамоваў, пакуль апазыцыя не адмовіцца ад незаконнага захопу дзяржаўных установаў, а таксама баепарадкаў і гвалту ў дачыненьні да сэрбскага народу”. Не зважаючы на супраціў з боку прыхільнікаў рэжыму Мілошавіча, для новага абранага прэзыдэнта Югаславіі зараз галоўнай праблемай зьяўляецца рэальнае замацаваньне сваёй улады. Паводле яго, “дэмакратычная і мірная перадача ўлады важная ня толькі для Сэрбі, але і для стабільнасьці ў рэгіёне”. Кастусь Бандарук, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |