RFE/RL |
Серада, 11 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн назваў непрымальным нядаўні прысуд у справе журналіста Андрэя Бабіцкага. Прыводзім афіцыйную пазіцыю Радыё Свабода ў гэтай справе. Нагадайма, што гарадзкі суд Махачкалы прызнаў карэспандэнта Андрэя Бабіцкага вінаватым у выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў і прысудзіў яго да штрафу на суму 300 даляраў, аднак вызваліў яго ад адказнасьці ў сувязі з амністыяй. Прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн адразу заявіў у Маскве, што радыёстанцыя будзе працягваць дамагацца справядлівасьці ў справе Бабіцкага. Ягоны адвакат ужо ськіраваў апэляцыю ў Вярхоўны суду Дагестану, і ў выпадку неабходнасьці, судовае рашэньне будзе абскарджанае ў Вярхоўным судзе Расейскай Фэдэрацыі. Летась у студзені Андрэй Бабіцкі быў арыштаваны ў Чачні ў часе ягонай службовай камандзіроўкі. Ягоныя ваенныя рэпартажы адтуль ацэньваліся як узважаныя ды аб’ектыўныя. Аднак, карэпандэнт Радыё Свабода быў абвінавачаны ў пасобніцтве чачэнскім незалежнікам. Было заяўлена, што яго перадалі чачэнцам у абмен на вызваленьне некалькіх расейкіх ваеннапалонных. Аднак, паводле словаў Бабіцкага, такога не было. Пасьля 40 дзён утрыманьня журналіста ў вязьніцы, расейскія ўлады выпусьцілі яго ў Дагестане, выдаўшы яму падробны пашпарт. На падставе гэтагага дакумэнту Бабіцкі быў зноў затрыманы ў лютым па абвінавачваньні ў тым, што ён, нібыта, спрабаваў нелегальна выехаць з Дагестану. Андрэй Бабіцкі заявіў у судзе, што ў яго не было выбару, паколькі азэрбайджанскі пашпарт яму далі ўзамен канфіскаваных асабістых дакумэнтаў. Аднак, пракурор не прыняў гэтага доваду пад увагу. Яшчэ ў верасьні прэзыдэнт Радыё Свабода Томас Дайн заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што расейкія ўлады сфабрыкавалі справу Бабіцкага і што гэта ёсць парушэньнем правоў ня толькі яго асабіста, але правоў усіх, хто зацікаўлены ў атрыманьні праўдзівай ды аб’ектыўнай інфармацыі. Суд над Бабіцкім, паводле словаў Дайна, нагадвае ранейшыя крокі расеqкіх уладаў супраць свабоды слова. Падрыхтаваў Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |