RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 11 Кастрычніка 2000

Сёньня



Каб пераканаць людзей ісьці галасаваць, у Горадню прыехаў памочнік Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Посахаў…

Адстаўны палкоўнік Посахаў сабранай у Тэатры лялек публіцы гаварыў традацыйна. І пра развал Савецкага Саюзу, і пра нейкія лукашэнкавы дэмакратычныя рэформы.

Пры канцы Посахаў сказаў, што, карыстаючыся гэтай трыбунай, хацеў бы зьвярнуць увагу выбаршчыкаў на кандыдата ў дэпутаты Гіраса Георгія. Маўляў, гэта дырэктар буйнога прадпрыемства, які ня з чутак ведае праблемы эканомікі.

Ён зьяўляецца таксама першым сакратаром абкаму КПБ і разам з партыйнымі таварышамі зьбіраецца прадстаўляць у Палаце інтарэсы простага народу. Гэтак агітаваў памочнік Аляксандра Лукашэнкі Сяргей Посахаў.

Георгі Гірас быў зарэгістраваны кандыдатам толькі пасьля звароту ў Цэнтарвыбаркам, паколькі ў акрузе, дзе ён хацеў балятавацца – Занёманскай – не было структуры партыі.

Але галоўнае - ня гэта. Зь Гірасам зьвязаны буйны скандал. Трэба зазначыць, што ён нібыта кіруе буйным прадпрыемствам – перабольшаньне. На ягоным камбінаце “Тэамантаж” працуе толькі некалькі дзесяткаў чалавек.

Маючы добрую 3-х пакаёвую кватэру, Гірас схіліў сход рабочых, каб яму выдзелілі на новую кватэру 14 тысячаў даляраў з фондаў зусім небагатага прадпрыемства. Даклаўшы свае грошы, разам з жонкай Гірас купіў вялікую 4-х пакаёвую кватэру. І за грошы прадпрыемства паставіў сабе кватэрны тэлефон, кошт бесчарговай устаноўкі якога склаў каля паўтысячы даляраў.

Справа пра нясьціплыя паводзіны першага сакратара абкаму КПБ разглядалася на паседжаньні аблвыканкаму. Тады было вырашана прапанаваць Міністэрству культуры звольніць яго з пасады. Але потым справу перадалі ў пракуратуру.

Гірас, аднак, застаўся пры пасадзе, паабяцаўшы вярнуць узятыя зь кішэні рабочых грошы. Вось такіх людзей Адміністрацыя Лукашэнкі хоча бачыць у Палаце прадстаўнікоў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org