RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 10 Кастрычніка 2000

Сёньня



Прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Барак адтэрмінаваў свой ультыматум, згодна зь якім усе мірныя перамовы з палестынцамі будуць спыненыя, калі ня скончацца беспарадкі. Тым часам генэральны сакратар Кофі Анан прыбыў на Блізкі Ўсход, спрабуючы дапамагчы ў разьвязаньні канфлікту мірным шляхам. Аднак, напружанасць на Блізкім Усходзе не спадае.

Міжнародны друк ня толькі ўважліва сочыць за апошнімі падзеямі, але спрабуе разабрацца ў іх прычынах.

Сёньня Кофі Анан сустрэўся ў Газе зь лідэрам палестынцаў Ясірам Арафатам. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Па заканчэньні сустрэчы Кофі Анан сказаў журналістам:

(Іваноў: ) “Я ня маю ніякай магічнай формулы вырашэньня праблемы, я ня маю чароўнага сродку. Я быў у пастаянным кантакце з прэм’ер-міністрам Баракам і з Арафатам з пачатку крызісу, а таксама зь іншымі лідэрамі рэгіёну. Я прыехаў выслухаць лідэраў, працаваць зь імі і паглядзець – чым я магу дапамагчы, і як мы разам можам знайсьці вырашэньне крызсіу”, – сказаў гэнэральны сакратар ААН Кофі Анан.

Між тым, паводле брытанскай Financial Times, 89 палестынцаў і ізраільскіх арабаў загінулі цягам апошніх 12 дзён у сутыкненьнях на Заходнім Беразе Ярдану, у сэктары Газа, Ерузаліме… Газэта прыводзіць папярэджаньне ізраільскага вайскоўца, палкоўніка Кірша ў Рамалаху аб тым, што адказ на магчымыя дзеяньні палестынцаў у далейшым будзе вельмі рэзкім.

Учора, у дзень пахаваньня пяці палестынцаў, забітых у мінулыя выхадныя, на вуліцы Рамалаха, Наблуса ды іншых мясьцінаў на Заходнім Беразе выйшлі тысячы дэманстрантаў, які закідвалі ізраільскіх жаўнераў каменьнем – піша Financial Times.

Хуткасьць, зь якой сямігадовы працэс мірнага разьвязаньня ізраільска-палестынскага канфлікту пачаў зараз руйнавацца, уразіў нават добра абазнаных у праблемах Блізкага Усходу палітыкаў, – піша Los Angeles Times. Яшчэ два тыдні таму ізраільцяне езьдзілі ў Ерыхон на Заходнім Беразе гуляць у казіно, і палестынцы зьбіраліся збудаваць там краму, дзе б неартадксальныя ізраільцяне маглі купляць тавары па суботах.
Аднак цяпер могія ізраільцяне задаюцца пытаньнем: няўжо мір быў толькі нязбытнай марай і краіна зноў напярэдні вайны?

Ізраільска-палестынскія дамоўленасьці, піша амэрыканская газэта, не закраналі найбольш складаных пытаньняў – аб межах, аб сувэрэнітэце Палестыны, вяртаньні ўцекачоў і аб статусе Ерузаліму. Сумесныя праекты ў галіне прадпрымальніцтва і адукацыі віталіся палестынцамі датуль, дакуль яны былі складнікамі шляху да канчатковай мірнай дамовы. Але зь цягам часу палестынцы страцілі веру ў мірны працэс.
Ва ўмовах ізаляцыі й падзеньня папулярнасьці Арафата сярод палестынцаў – асаліва пасьля таго, як была адсунутая дата абвешчаньня незалежнасьці Палестыны, яе лідэр Арафат шукаў падставы бразнуць дзьвярыма ў адносінах зь Ізраілем, каб вярнуць сабе грамадзкую падтрымку.

Ізраіль даў такую падставу.

28 верасьня лідэр скрайне правай партыі Лікуд Арыель Шарон у суправаджэньні сілаў бясьпекі наведаў Храмавую Гару ў Ерузаліме, дзе знаходзіцца адна з галоўных мусульманскіх сьвятыняў. Пасьля гэтага адразу ўсчаліся хваляваньні на палестынскай тэрыторыі. Арафат, аднак, страціў магчымасьць кантролю за сутыкненьнямі паміж палестынцамі і ізраільскімі вайскоўцамі. Ягоныя сілы бясьпекі саступілі месца на лініі вагня юным паўстанцам.

Los Angeles Times прыводзіць далей фразу зь ізраільскай газэты Едыёт Ахранот. Фраза гэтая, узятая з папулярнага некалі кінафільму гучыць так: “Калі ты мусіш страляць – то страляй, а не размаўляй.”
Асноўная палестынская фракцыя Фатх, са свайго боку, абвесьціла “народную вайну” і заклікае да парышэньня “інтыфады” (супраціўленьня) Ізраілю. Аднак, абодва бакі ведаюць, што яны могуць згубіць. На карту пастаўлены ўвесь мірны працэс – піша Los Angeles Times

Газэта New York Times згадвае сустрэчу прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака з палестынскім лідэрам Ясірам Арафатам, якая адбылася ў панядзелак. Газэта піша, што прэзыдэнт Эгіпту зараз галоўным чынам засяроджаны на падрыхтоўцы да сустрэчы лідэраў арабскіх краінаў у Каіры, заплянаванай на 21-22 кастрычніка. Між тым, большасьць зь іх зараз выступаюць з жорсткімі ваяўнічымі заявамі супраць Ізраілю.
У прыватнасьці, насьледны прынц Саўдаўскай Аравіі Абдула Абдэль Азіз заявіў, што арабскія краіны ня будуць заставацца ўбаку, калі Ізраіль атакуе Ліван альбо Сірыю.

New York Times прыводзіць таксама меркаваньне саўдаўскай газэты Аль-Хаят, якая выдаецца ў Лёндане. Газэта крытыкуе прэзыдэнта ЗША Клінтана за хістаньні паміж уяўным нэўтралітэтам і яўнай прыхільнасьцю да Ізраілю. Паводле арабскага выданьня, Клінтан мусіў наўпрост асудзіць гвалт і ахвяры сярод палестынцаў.

Зараз толькі дзьве арабскія дзяржавы маюць мірныя дамовы зь Ізраілем – Эгіпет і Іярданія, нагадвае газэта Stratfor Commentary. Аман і Каір мусяць засьведчыць арабскае адзінства, не адхінуўшы пры гэтым Ерузалім і, што яшчэ больш важна, – Злучаныя Штаты Амэрыкі, піша газэта.

Прэзыдэнт Мубарак зрабіў Эгіпет цэнтрам мірных перамоваў. Ягоная ўнікальная пазыцыя дае Каіру дадатковую моц, але адначасова стварае для яго дылему. Як ключавы ўдзельнік працэсу мірнага разьвязаньня канфлікту на Блізкім Усходзе Эгіпет проціпастаўляе сябе астатняму арабскаму сьвету. У яшчэ больш складаным становішчы апынулася Ярданія. Калі Эгіпет геграфічна адасоблены ад удзельнікаў канфлікту на Блізкім Усходзе, Ярданія не адучвае сябе ў бясьпецы. Заціснуты паміж рознымі сіламі, урад караля Абдулы адчувае сябе вельмі няпэўна – заключае Stratfor Commentary.

Віталь Тарас, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org