RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 10 Кастрычніка 2000

Сёньня



Кіраўніцтва сталічнага гарадзкога выканкаму не дало дазволу прадстаўнікам аб’яднанай апазыцыі правесьці 14 кастрычніка ў цэнтры Менску маніфэстацыю пад назвай “Супраць дыктатуры й выбарчага фарсу”. Чыноўнікі прапанавалі правесьці мітынг на пляцы Бангалёр. Лідэры апазыцыі з гэтым рашэньнем не пагадзіліся і маюць намер правесьці калёну дэманстрантаў ад Акадэміі навук да пляцу Незалежнасьці.

На паседжаньні, дзе вырашалася пытаньне правядзеньня акцыі 14 кастрычніка, прысутнічалі намесьнік старшыні гарадзкога выканкаму Міхал Пятрушын, прадстаўнік Аляксандра Лукашэнкі ў Менску Аляксандар Сазонаў, а таксама намесьнік кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Мішэль Рывалье і лідэры партыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў.

Апазыцыянэры настойвалі, каб улады дазволілі шэсьце ад Акадэміі навук да пляцу Незалежнасьці, дзе мусіць адбыцца мітынг. Улады ж пагаджаліся талькі на тое, каб удзельнікі акцыі сабраліся ля Акадэміі навук, а адтуль пайшлі на пляц Бангалёр. Пры гэтым Аляксандар Сазонаў запэўніваў апазыцыянэраў, што за заклікі да байкоту выбараў іх больш ніхто перасьледваць ня будзе.

На пытаньне ж, чаму актывістаў кампаніі байкоту перасьледвалі раней (у праватнасьці, у часе “Маршу Свабоды”) Сазонаў заявіў, што дэманстранты несьлі лёзунгі, што абражаюць гонар і годнасьць спадара Лукашэнкі…

Намесьнік кіраўніка КНГ АБСЭ Мішэль Рывалье заклікаў бакі прыйсьці да кампрамісу, але безвынікова.

Разам з тым прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі яшчэ спадзяюцца, што гарадзкі выканкам перагледзіць сваё рашэньне. Аднак, як паведаміў нашаму радыё памочнік намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Анатоль Астахаў, аніякіх юрыдычных і маральных падставаў дзеля таго, каб мяняць рашэньне, гарадзкія ўлады ня маюць.

А вось што паведаміў сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “У нас ёсьць тактычны плян на гэтую восень, і мы ня маем намеру ад яго адступаць. Акцыя 1-га кастрычніка была заплянаваная як акцыя мірная. Яе дэманстратыўна мірнае правядзеньне дазволіла нам 8-га насьмеліць тысячы людзей упершыню за многія гады выйсьці на вуліцы іхных гарадоў. Цяпер нашая задача ў Менску напярэдадні выбараў, у тым ліку і скарыстаўшы жаданьне ўладаў не наладзіць буйных канфліктаў і скандалаў напярэдадні выбараў, бо яны ўсё яшчэ спадзяюцца – а раптам выбары прызнаюць? – вярнуць сабе права хадзіць па праспэкце. Мы ня маем намеру штучна правакаваць нейкія канфрантацыі. Наша задача – настаяць на сваім, праявіць волю”.

Паведаміў спадар Вячорка.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька занепакоены тым, што засталося мала часу, каб заклікаць людзей узяць масавы ўдзел у гэтай акцыі. Аднак, паводле словаў Лябедзькі, у апазыцыі ёсьць пэўны плян, як гэта зрабіць. Паводле задумы арганізатараў, інфармаваньню людзей мусяць паспрыяць паведамленьні пра дэманстрацыю ў мэдыях (у тым ліку праз расейскую тэлевізію), а таксама выдадзены 200-тысячным накладам адмысловы выпуск газэты “Рабочы”. Газэта заклікае людзей прыйсьці 14 кастрычніка а 15-й гадзіне да Акадэміі Навук.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org