RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 10 Кастрычніка 2000

Сёньня



Сёньня французкая газэта Le Temps надрукавала артыкул, прысьвечаны палітычнай сытуацыі ў Беларусі і магчымасьцям яе разьвіцьця паводле югаслаўскага сцэнару.

Прэзыдэнт Лукашэнка выключае такую магчымасьць, – піша Лоран Нікале і працягвае. – Прыклад Югаславіі падштурхоўвае беларускую апазыцыю да байкоту прызначаных на нядзелю выбараў і да мары ськінуць свайго, – піша газэта, – караля.

Пасьля Мілошавіча – Лукашэнка, – цытуе француская газэта лёзунгі беларускай апазыцыі. Аляксандра Лукашэнку аўтар артыкулу называе гістэрычным кіраўніком дзяржавы, які паабяцаў выставіць сваю кандыдатуру на пераабраньне ў наступным годзе на прэзыдэнцкіх выбарах, калі папросяць, і катэгарычна абвяргае магчымасьць буйных махінацыяў з вынікамі галасаваньня. Le Temps Там” расказвае пра акцыі аб’яднанай беларускай апазыцыі – “Марш Свабоды – 3” у Менску і акцыі ў рэгіёнах.

Ларан Нікале зьвяртае ўвагу на жорсткую рэакцыю афіцыйнага Менску на заклікі апазыцыі байкатаваць выбары і на заяву Дзярждэпартаманту ЗША пра непрызнаньне вынікаў галасаваньня. Прыводзіцца цытата з рэакцыі Міністэра замежных справаў на гэтую заяву, якая называецца грубай паводле формай, неадэкватнай паводле зьместу, і якая ня мае нічога агульнага з барацьбой за дэмакратыю.

Газэта Le Temps піша, што Лукашэнку не пагражае лёс Мілошавіча і цытуе Вінцука Вячорку, які ў нядзелю заявіў: “Менск дасьпеў да перамоваў, цяпер павінная абудзіцца і правінцыя”.

Далей у артыкуле выказваецца меркаваньне, што беларускія ўлады застрахавалі сябе ад рызыкаў – пайшлі на ўсё больш шчыльнае зьбліжэньне са старэйшым братам. Газэта гаворыць пра факт зьяўленьня некалькі тыдняў таму праекту стварэньня агульнага расейска-беларускага парлямэнту і пра панядзелкавыя сумесныя вучэньні элітных аддзелаў спэцслужбаў для адпрацоўкі мэтадаў барацьбы з тэрарызмам.

Гэта выйгрышная стратэгія, – лічыць газэта Le Temps, бо бальшыня беларусаў адчуваюць сябе ўсё яшчэ “савецкімі грамадзянамі”, а не грамадзянамі Беларусі. Фідэль Кастра, – заўважае Le Temps, – дасьведчаны палітык, але ці ня ён гэта назваў нядаўна гэтую краіну самай стабільнай з усіх былых савецкіх рэспублік?

Вольга Караткевіч, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org