RFE/RL |
Аўторак, 10 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Сьведкі ў справе Юліі Чыгір заяўляюць пра правакацыйную ролю некаторых міліцэйскіх начальнікаў у інцыдэнце, што адбыўся з удзелам жонкі былога прэм’ера. На працэсе над Юліяй Чыгір завяршаецца апытаньне сьведкаў. Ужо апытаная бальшыня міліцыянтаў і тых сьведкаў, якія прадстаўляюць бок абвінавачванай. Цікава, што паказаньні бакоў не заўсёды супярэчаць адны другім. Ва ўсялякім разе, так лічыць Юлія Чыгір і ейныя абаронцы. Яны задаволены тым, што бальшыня апытаных АМАПаўцаў пацьвердзілі карэктныя паводзіны людзей, што сабраліся 19 траўня на ганку менскага гарадзкога суду. Гэта азначае, што выкарыстаньне сілы супраць людзей было або нічым не апраўданым, або спрэчным. Прычым, на сёньняшні дзень суд фактычна наблізіўся й да таго, каб назваць адказнага за гэтыя непрафэсійныя ці правакацыйныя дзеяньні. Што гэта за асоба? Пацярпелы маёр Анатоль Амельчанка сьцьвярджае, што загады афіцэрам міліцыі аддаваў палкоўнік Леанід Русак, намесьнік кіраўніка ўправы міліцыі Менску. Гэта пацьвярждаюць і АМАПаўцы. А сёньняшнія паказаньні Сьвятланы Ганчаронак сьведчаць, што палкоўнік рапараджаўся ня толькі сваімі падначаленымі, але й спрабаваў аказаць ціск на іншых удзельнікаў падзеяў: (Ганчаронак: ) “Ён адразу паглядзеў на Юлію Станіславаўну й спытаў — “Хто гэта зрабіў? Ты? Ты за гэта адкажаш!”, а маёру Амельчанку загадаў прывесьці сябе ў парадак. На тое, што Юлія Чыгір паказвала яму сінякі на руцэ, Русак аніяк не адрэагаваў і адмовіўся назваць прозьвішча Амельчанкі. Яно стала мне вядома значна пазьней. Гэта менавіта ён дакіраваўся да таго, што ля дзьвярэй у суд пачалася цісканіна, толькі з-за яго няўмелых ці наўмысных дзеяньняў адбыўся гэты інцыдэнт”, — лічыць сьведка Сьвятлана Ганчаронак. Навошта Леаніду Русаку спатрэбілася правакаваць бойку на ганку суду, калі да працэсу была надзвычайная ўвага і ўсе проціпраўныя дзеяньні міліцыі фіксаваліся дыпляматамі, назіральнікамі й журналістамі? Гэта спрабавалі высьветліць судзьдзі ў сьведкаў. АМАПаўцы на такое пытаньне толькі паціскалі плячыма, сьведкі Юліі Чыгір таксама раілі спытаць самога палкоўніка. Але ці адбудзецца гэткі допыт — невядома. Абаронца Юліі Чыгір Гары Паганяйла ўжо заявіў радыё Свабода, што будзе дамагацца, каб у суд выклікалі гэтага міліцэйскага начальніка. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |