RFE/RL |
Аўторак, 10 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Хоць датэрміновае галасаваньне ў гэтак званаю «Палату прадстаўнікоў» ўжо пачалосяых, аднак на этапе агітацыі ня ўсе кандыдаты ў дэпутаты мелі магчымасьць зьвярнуцца празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі да сваіх выбаршчыкаў. Акруговая камісія гомельскай Сельмашаўскай выбарчай акругі №34 зьняла з тэле- і радыёэфіру ўжо запісаны выступ кандыдата ў дэпутаты, прафэсара катэдры фізыкі Беларускага ўнівэрсытэту транспарту Валянціны Савасьценцы. У зьвязку з чым прынята такая пастанова, распавядае сама кандыдатка: «У сувязі з тым, што ў выступах прагучалі пытаньні, зьвязаныя з маім меркаваньнем: я лічу, што патрэбная зьмена палітычнага курсу ў Рэспубліцы, і зьмена ўлады канстытуцыйным шляхам. Да таго ж былі агучаныя факты, як фальсыфікуюцца выбары. А гэта, пэўна, не падабаецца перш за ўсё тым, хто гэтым займаўся», — зазначыла кандыдатка. На мінулых выбарах Валянціна Савасьценка таксама балятавалася ў дэпутаты ў сваёй цяперашняй акрузе і сутыкнулася з падтасоўкаю вынікаў галасаваньня на ўчастку ў сярэдняй школе №48. Пракуратура ўзбудзіла нават крымінальную справу. Але сьпісы з подпісамі амаль дзьвюх тысячаў выбаршчыкаў “прапалі”. Афіцыйная вэрсія — іх скралі. Віноўнікаў не знайшлі, і крымінальную справу спынілі. Пра гэта Валянціна Савасьценка згадала пад час запісу тэлезвароту да выбаршчыкаў. І дадала: “ўлада пайшла на грубае парушэньне Закону, падтасаваўшы вынікі галасаваньня”. Гэтыя словы, а таксама выраз “Нашая ўлада прызвычаілася абманваць свой народ” і не спадабаліся акруговай камісіі пад кіраўніцтвам Людмілы Расказавай… Улічыўшы афіцыйны ліст з абласнога тэле/радыё-аб'яднаньня наконт зьместу выступу, камісія і прыняла рашэньне зьняць з тэле- і радыёэфіру выступ Валянціны Савасьценкі, паколькі выказваньні “могуць быць расцэнены як заклікі да сацыяльнай варожасьці й паклёп у дачыненьні службовых асобаў Рэспублікі Беларусь”. Цікаўлюся меркаваньнем суразмоўцы адносна магчымасьці данесьці свае погляды да выбаршчыкаў. Працягвае кандыдатка ў дэпутаты Валянціна Савасьценка: «На гэты раз кампанія ідзе ў гэтым пляне на рэдкасьць агідна, куды больш страшна, чым на папярэдніх выбарах. Поўная інфармацыйная блякада. Апроч таго, што мяне сапраўды зьнялі з тэле- і радыёэфіру, мне абсалютна зачынены доступ на завод “Гомсельмаш”. А гэта 20 тысяч выбаршчыкаў», — сказала Валянціна Савасьценка. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |