RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 10 Кастрычніка 2000

Сёньня:



9 кастрычніка ў Ашмянах быў затрыманы міліцыяй прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту Пётра Явідовіч. Затрыманьне адбылося на выбарчым участку. Складзены пратакол.

Пётра Явідовіч разам з прадстаўніцаю Рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў накіраваліся на выбарчы ўчастак у мясцовую школу, каб зарэгістравацца назіральнікамі. Старшыня выбарчае камісіі — дырэктар школы Міхал Гружэўскі ўспрыняў іхны прыход адмоўна. Яму не спадабалася тое, што спадар Явідовіч папярэдне накіраваў у камісію ліст з папярэджаньнем не парушаць выбарчае заканадаўства. Спадар Гружэўскі забраў пасьведчаньні ў назіральнікаў, а неўзабаве зьявіліся міліцыянты.

Пётра Явідовіч быў спачатку дастаўлены ў раённы аддзел міліцыі. Капітан Гатко патлумачыў, што гэта — адміністрацыйнае затрыманьне на 3 гадзіны. Затым іншы афіцэр — Міхал Вабішэвіч — пачаў дапытваць затрыманага адносна таго, што быццам бы той днём раней раздаваў на кірмашы ўлёткі. Пасьля гэтага Пятра Явідовіча завезьлі да раённага пракурора Ўладзімера Бутрыма. Таго таксама цікавілі ўлёткі ды тое, ці зарэгістраваная група БГК мясцовымі ўладамі. Так, дакумэнты на рэгістрацыю пададзеныя, — адказаў затрыманы.

На прыканцы Пятра Явідовіча завезьлі назад у міліцыю і склалі пратакол наконт распаўсюджваньня незарэгістраваных выданьняў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org