RFE/RL |
Панядзелак, 9 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
“Наступная гарачая кропка: Беларусь?” – пад такімі словамі сёньняшняя газэта Internacional Herald Tribune зьмясьціла фотаздымак з учорашняга Маршу Свабоды ў Горадні. У часе падобных акцыяў пратэсту, наладжаных аб’яднанай апазыцыяй больш як у двух дзясятках гарадоў Беларусі, дэманстранты выступалі за байкот выбараў, прызначаных уладамі на 15 кастрычніка. У руках маніфэстантаў на здымку можна бачыць плякаты “Жыве Беларусь” і “Сёньня Мілошавіч – заўтра Лука”. Амэрыканская газэта сёньня ж друкуе аналітычны артыкул, зьмест якога коратка можна выкласьці так: “Усьлед за рэжымам Слабадана Мілошавіча прыйшла чарга сысьці Аляксандру Лукашэнку. Амэрыканская газэта Internacional Herald Tribune, якая друкуецца ў Эўропе паводле матэрыялаў Washington Post і New Yotk Times, зьмясьціла сёньня артыкул, у якім праводзіцца відавочная паралель паміж Беларусьсю й Югаславіяй. Газэта называе Аляксандра Лукашэнку апошнім кіраўніком на эўрапейскім кантынэнце, які ўсё яшчэ незаконна трымаецца ва ўладзе. Пыхлівы дыктатар Беларусі мусіць пачувацца страшэнна самотным, – так пачынаецца перадавіца газэты. Пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча ў Сэрбіі на мінулым тыдні, Лукашэнка застаўся апошнім прэзыдэнтам у Эўропе, які ня быў законна перабраны на новы тэрмін. Гэтае ягонае становішча падкрэсьлівае перамогу дэмакратыі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя і стварае цудоўную магчымасць, якую нельга абмінуцьь. Як наступны прэзыдэнт ЗША зможа выкарыстаць гэтую магчымасць? Гэта, магчыма, ёсьць важным пытаньнем у часе цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, – піша Internacional Herald Tribune у адмысловым артыкуле. Усяго 15 год таму жалезная заслона аддзяляла дэмакратычную Эўропу ад дыктатарскіх рэжымаў. Тагачасныя адміністрацыя і Кангрэс разумелі важнасьць зьнішчэньня таталітарызму. Пасьля падзеньня бэрлінскай сьцяны і распаду Савецкага Саюзу некаторыя краіны ператварыліся зь неверагоднай хуткасьцю: Польшча, Эстонія і Славенія пабудавалі дэмакратычныя інстытуты гэтак хутка, што юнае пакаленьне там ня мае ўляўленьня аб прадуктовых картках альбо палітвязьнях. Некаторыя краіны часова адступалі, сутыкаючыся з цяжкасьцямі ў сваім руху наперад. У некаторых выпадках былыя камуністы-апаратчыкі ператвараліся ў нацыяналістаў-аўтакратаў і перакройвалі дэмакратыю на свой лад. Цяпер усе гэтыя лідэры сышлі. Славаччына, Харватыя і вось цяпер Сэрбія могуць ганарыцца новым дэмакратычным кіраўніцтвам. Палітыка адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана і ягоных саюзьнікаў – санкцыі й націск, дапамога дэмакратам і ўзброеная барацьба супраць агрэсіі ды злачынстваў супраць чалавечнасьці – спрыялі такому выніку. Нават спадар Лукашэнка, падобна Мілошавічу перад гэтым, адчувае неабходнасьць прыкідвацца дэмакратам. Ён прызначыў псэўдапарлямэнцкія выбары на наступную нядзелю, і ягоны ўласны тэрмін закачваецца ў наступным годзе”, – піша Internacional Herald Tribune. Тут важна ўдакладніць некаторыя моманты, у прыватнасьці, адносна тэрмінаў перабываньня Лукашэнкі ва ўладзе. Вось што сказаў нам у тэлефоннай гутарцы з Менску былы сябра Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў (Пастухоў: ) “Выбіралі Лукашэнку па канстытуцыі 1994-га году. Тэрмін яго скончыўся 20 ліпеня 1999 году, і ніякі працяг паўнамоцтваў немагчымы. Якімі б акалічнасьцямі гэта ўсё ні абгрунтоўвалася – гэта ня мае пад сабой падставы. Новая рэдакцыя канстытуцыі была незаконна ўведзеная ў дзеяньне пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 96-га году. Паводле афіцыйнае вэрсіі атрымліваецца, што тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі скончыцца ў лістападзе 2001-га году. І тады, па новай рэдакцыі канстытуцыі, выбары мусяць быць прызначаныя не пазьней чым за чатыры месяцы да сканчэньня паўнамоцтваў – у ліпені”. (Тарас: ) “Калі Лукашэнка раптам прызначыць выбары раней тэрміну?
(Пастухоў: ) “Абсалютна ніяк гэта не зьямяняе становішча. І я так думаю, што гэтага й не адбудзецца, паколькі прызначае выбары парлямэнт, і трэба даць абгрунтаваньне такога падыходу. Я думаю, што тут ужо розьніцы вялікай няма. Так мяркую, што ўлады будуць дзейнічаць у адпаведнасьці з новай рэдакцыяй канстытуцыі”. Гэта была думка Міхаіла Пастухова. Калі Захад своечасова падтрымае беларускіх дэмакратаў, піша далей Internacional
Herald Tribune, і адмовіцца прызнаць сфальшаваныя выбары, беларусы могуць
знайсьці ў сабе моц пайсьці шляхам сэрбаў.
Кандыдат у прэзыдэнты Джордж Буш выступіў супраць пашырэньня ўплыву ЗША на пабудову іншых дзяржаваў, на разьвіцьцё дэмакратыі і падтрыманьне міру. Ён і ягоныя прыхільнікі мяркуюць, што частку Эўропы можна лічыць па-за межамі амэрыканскіх інтарэсаў. Аднак, што можа больш адпавядаць нацыянальным інтарэсам, улучна з інтарэсамі нацянальнай бясьпекі, чымся мір, дэмакратыя й свабода на ўсім эўрапейскім кантынэнце? Што можа больш адпавядаць інтарэсам ЗША, чымся распаўсюджваньне посьпяховага вопыту Польшчы ды Сэрбіі ў Беларусі? Гэтыя погляды прэзыдэнта Гары Трумэна ды іншых пасьляваенных лідэраў, як дэмакратаў, так і рэспубліканцаў, былі выказаныя паўвека таму. Нават і цяпер няма гарантыяў, што такога выніку лёгка дасягнуць. Тым больш падставаў для Злучаных Штатаў Амэрыкі заставацца анагажаванымі ў гэтай справе, – піша Internacional Herald Tribune. Віталь Тарас, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |