RFE/RL |
Панядзелак, 9 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У нядзелю ў Літве выбіралі парлямэнт. Перамагла сацыял-дэмакратычная кааліцыя Альгірдаса Бразаўскаса, якая, калі скласьці шматмандатныя акругі з аднамандатнымі, атрымала 51 месца ў парлямэнце. Мы зьвязаліся з галоўным рэдактарам радыёстанцыі “Балтыйская хваля” Сяргеем Шупам. Нагадаю, ў Літоўскім сойме – 141 дэпутат. Выбары адбываліся паводле прапарцыйна-мажарытарнай сыстэмы. На другім месцы – лібэралы –Саюз лібэралаў Раландаса Паксаса, які ў свой час быў прэм’ерам Літоўскай Рэспублікі. Яны атрымалі 34 месцы. На трэцім – Новы саюз Артураса Паўлаўскаса – 29 месцаў. Працягвае Сяргей Шупа. (Шупа: ) “Напачатку я прыпомню гісторыю чатырохгадовай даўніны, калі ў выніку здавалася б канчатковай паразы левых на папярэдніх выбарах у Сойм ім прарочылі, фактычна, палітычную сьмерць. Думалася, што левыя посткамуністы, прадстаўленыя Дэмакратычнай партыяй працы Бразаўскаса, ўжо больш ніколі не падымуць галаву. Аднак, палітычныя прагнозы – рэч няўдзячная, і праз чатыры гады тыя самы левыя выразна перамаглі на выбарах у літоўскі парлямэнт. Відавочна, адным з галоўных саюзьнікаў левай кааліцыі было цяжкое эканамічнае становішча, якое склалося ў Літве ў выніку расейскага фінансавага крызіса. Варта зазначыць, што менавіта Паўлаўскасу і ягонаму Новаму саюзу сацыялягічныя апытаньні прарочылі першае месца, аднак ён, нават заняўшы трэцяе, фактычна захаваў за сабою ключавую ролю ў наступных падзеях. Рэч у тым, што ніводная з партыяў, а парлямэнцкімі партыямі сталіся чатыры партыі – апрача трох названых яшчэ кансэрватары Вітаўтаса Ландзбэргіса, – ніводная з гэтых партыяў ня будзе мець у Сойме абсалютнай бальшыні, г.зн. 71 голас”. Такім чынам, Літва ўступае ў новую фазу палітычнага жыцьця – у эпоху кааліцыяў. Дагэтуль пераможцы маглі без усялякіх праблемаў ствараць бальшыню і маглі вырашаць пытаньні без супрацоўніцтва зь іншымі палітычнымі сіламі. Пытаньне кааліцыі на другі дзень выбараў у літоўскі парлямэнт – сёньня пытаньнем нумар адзін. (Шупа: ) “Рэч у тым, што лібэралы Паксаса не зьбіраюцца ўваходзіць ні ў якую кааліцыю з пераможцамі сацыял-дэмакратамі, а гэта значыць, што новы саюз Паўлаўскаса, які адкрыты як да адных, так і да другіх, сёньня будзе вырашаць, з кім зблякавацца і каму, фактычна, прынесьці асноўную перамогу на выбарах, у рукі каго даць уладу ў Сойме. У залежнасьці ад таго, ці прыхіляцца сацыял-лібэралы (як называюць сябе прыхільнікі Новага саюза) або да левых, або да лібэралаў, вызначыцца – будзе бальшыня Сойму левая ці левацэнтрысцкая, або памяркоўна правацэнтрысцкая. Новы саюз, сацыял лібэралы, як самі сябе называюць цэнтрыстамі, але ў іх цэнтрызм мала хто верыць”. Зь Вільні гаварыў Сяргей Шупа. Такім чынам, можа вызначыцца й новы прэм’ер Літвы. У залежнасьці ад гэтага выбару ім можа стаць альбо Альгірдас Бразаўскас альбо лідэр лібэралаў Раландас Паксас. Што гэта будзе азначаць для ўнутранай і замежнай палітыкі Літвы? На першае месца выходзіць пытаньне кааліцыяў. Сяргей Шупа: (Шупа: ) “Фактычна ад самога пачатку. Клаі пачалі прыходзіць першыя вынікі выбараў, стала ясна, што перамогуць левыя, пераможа Бразаўскас і яго кааліцыя, і таму лейтматывам усяго гэтага дня, усіх гэтых сутак было вельмі выразнае падкрэсьліваньне Бразаўскасам таго, што ні ўнутраная, ні зьнешняя палітыка Літвы ня зьменіцца ні радыкальна, ні рэвалюцыйна, ніяк. З гэтым згодныя, фактычна, усе камэнтатары, якія зазначаюць, што толькі тэмпы руху па некаторых кірунках могуць трошкі запаволіцца ці паскорыцца, а агульны кірунак нацыянальнай палітыкі ня зьменіцца. Зноў жа як тут не прыпомніць, што некалькі гадоў таму менавіта Альгірдас Бразаўскас падпісаў просьбу Літвы аб далучэньні да НАТО”. На сувязі ў Вільні быў галоўны рэдактар радыёстанцыі “Балтыйская хваля” Сяргей Шупа. Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |