RFE/RL |
Панядзелак, 9 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Нарастае напружанасьць сярод кліентаў камэрцыйнага банку “Белбалтыя”. Нядаўняе вяртаньне яму генэральнае ліцэнзіі на валютныя апэрацыі ня зьменшыла пагрозы банкруцтва. Шмат хто з кліентаў занепакоены гэтым. Кіраўніцтва “Белбалтыі” зараз спрабуе пераканаць сваіх кліентаў у часовасьці фінансавых цяжкасьцяў. Як вынікае з тлумачэньняў прадстаўнікоў банку, “Белбалтыю” палохае пагроза панікі сярод грамадзянаў, якія даверылі ёй свае зьберажэньні. Прадухіліць паніку намагаецца й Нацыянальны банк. Пры гэтым спадар Пракаповіч і ягонае атачэньне лічаць, што крызыс “Белбалтыі” стаўся вынікам памылковае палітыкі кіраўнікоў гэтага банку. А вось меркаваньне на гэты конт незалежнага экспэрта — эканаміста Валерыя Дашкевіча: (Дашкевіч: ) “На мой погляд, справа ня ў тым, што кіраўніцтва банку рабіла нейкія памылкі. Проста ў банка была свая стратэгія. Правілы банкаўскай дзейнасьці ў нас мяняюцца даволі часта, і калі зьмяніліся ўмовы, у іх узьніклі праблемы. На мой погляд Нацыянальны банк Беларусі ня будзе прымаць ніякіх радыкальных захадаў да “Белбалтыі”, таму што агульная сума грошай насельніцтва, асабліва валютных укладаў, даволі вялікая, і спыняць дзейнасьць банку – гэта Нацыянальнаму банку ўзяць на сябе выплату ўсіх гэтых дэпазытаў валютных”, — зазначыў Валеры Дашкевіч. На сёньняшні дзень валютныя ўнёскі на рахунках “Белбалтыі” складаюць амаль 20 мільёнаў даляраў. Вярнуць іх некалькім тысячам грамадзянам за месяц і нават за год прыватны банк, зразумела, ня ў стане. Не зьбіраецца дапамагаць у гэтай справе й Нацыянальны банк… Зрэшты, чаго вартая такая дапамога, сьведчыць сумны досьвед яшчэ аднаго камэрцыйнага банку — “Пошуку”. Ягоная завінавачванасьць перад грамадзянамі складала 10 мільёнаў даляраў. Нягледзячы на актыўныя намаганьні Нацыянальнага банку, “Пошук” дагэтуль ня здолеў разьлічыцца з кліентамі. Зараз у судзе Савецкага раёну Менску знаходзіцца 90 выканаўчых лістоў на вяртаньне грошай. Аднак працэс гэтага вяртаньня, на думку карыстальнікаў “Пошуку”, надта марудны. І спатрэбіцца не адзін год, каб банк выканаў перад імі свае фінансавыя абавязкі. Тым часам, паводле меркаваньняў аналітыкаў, усьлед за “Пошукам” і “Белбалтыяй” бяда пагражае і яшчэ шэрагу айчынных банкаў. Найперш, дробных. Як і вялікія банкі, іх прымушаюць крэдытаваць дзяржаўныя праграмы. Між тым, невялікія банкаўскія ўстановы з прычыны недахопу фінансавых рэсурсаў ня ў стане выконваць такія дырэктывы. У дачыненьні да іх павінна быць іншая дзяржаўная палітыка. Гаворыць Валеры Дашкевіч: (Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што такія невялікія недзяржаўныя банкі ці сярэднія памерам як “Белбалтыя, яны арыентаваныя не на тое, каб укладаць грошы ў нашую прамысловасьць ці ў сельскую гаспадарку. Нашае вышэйшае кіраўніцтва ня вельмі добра разумее асаблівасьці фінансавых рынкаў. На фінансавых рынках можна зарабляць грошы ня меншыя, чым укладаючы іх у прамысловасьць. Для нашага ж кіраўніцтва гэта нонсенс. Яны лічаць, што чым больш мы мэталу перавялі ў нейкія станкі, тым лепш”, — лічыць эканаміст Валеры Дашкевіч. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |