RFE/RL |
Панядзелак, 9 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Учора ў Польшчы адбыліся прэзыдэнцкія выбары, якія праўдападобна закончацца адным турам. Вялікім пераможцам аказаўся надзвычай папулярны ў грамадзтве цяперашні прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі. Затое поўную паразу пацярпела кіруючая Выбарчая Акцыя Салідарнасьць і ейны кандыдат Мар’ян Кшаклеўскі. Зь ліку 29-ці мільёнаў палякаў, якія валодаюць правам голасу, ва ўчорашніх выбарах узялі удзел больш за 60 адсоткаў. Папярэднія вынікі, апублікаваныя Цэнтрам Грамадзкіх Дасьледваньняў, якія пераважна супадаюць з афіцыйнымі, паказваюць наступнае: Аляксандар Квасьнеўскі атрымаў 54,5 адсоткі галасоў; на другім месцы апынуўся незалежны беспартыйны кандыдат Анджэй Аляхоўскі, на трэцім месцы прыблізна з 15 адсоткамі галасоў лідэр Салідарнасьці Мар’ян Кшаклеўскі, а на 4-м месцы з амаль 6-цю адсоткамі галасоў лідэр Сялянскай партыі Яраслаў Каліноўскі. Яшчэ адзін вядомы сялянскі лідэр Анджэй Леппэр набраў каля 3-х адсоткаў галасоў, а астатнія 8 кандыдатаў ад паўтары да адной дзясятай адсотка галасоў. Нават аднаго адсотка галасоў не набраў заснавальнік Салідарнасьці, былы прэзыдэнт і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Лех Валэнса. Напярэдадні выбараў у адным зь інтэрвію Лех Валэнса заявіў, што адчувае (цытую): “у ягоных генах убіта быць яшчэ раз прэзыдэнтам. Пакуль труны з маім целам не закрыюць, – заявіў Валэнса, – пакуль у мяне будуць сілы, буду дабівацца свайго…”(канец цытаты). Перамова Аляксандра Квасьнеўскага не падлягае сумневу, але іншым пераможцам аказаўся таксама незалежны кандыдат Аляхоўскі. Ён заклікаў грамадзтва ў будучыню, падкрэсьліваў вялікае значэньне адукацыі, выказваўся за далучэньне да Эўразьвязу і сумленна прызнаўся, што ў свой час быў агентам службы бясьпекі, хаця і займаўся эканамічнай разьведкай. Калі падсумаваць ягоныя галасы і галасы аддадзеныя за Квасьнеўскага, атрымоўвацца, што палякаў нельга напалохаць стратай незалежнасьці пасьля далучэньня да Эўразьвязу. На думку аглядальнікаў, учорашнія выбары вельмі адрозьніваліся ад усіх папярэдніх. Раней была важная ідэалёгія, гісторыя, палітычны радавод кандыдатаў, іхная рэлігійнасьць, стаўленьне да Касьцёла, аднак зараз ўсё гэта адыйшло на другі плян. Паводле камэнтатара “Газэты Выборчай” Эрнэста Скальскага, два непахвальныя інцыдэнты зь мінулага пашкодзілі Квасьнеўскаму, але не перакрэсьлілі таго факту, што на думку большасьці грамадзтва, ён быў кампэтэнтным, адпаведным прэзыдэнтам, і што няма ідэальных людзей. Вынік выбараў, на думку “Газэты Выборчай”, павінен быць урокам для ўсіх палітыкаў цяперашніх і будучых: галасаваньне паказвае, што выбаршчыкі ў Польшчы, а можа й ня толькі ў Польшчы, ня любяць: закулісных гульняў, інтрыгаў, непасьлядоўнасьці, няяўнага кіраваньня ўрадам, перадвыбарчых хітрыкаў і злосных нападак на канкурэнтаў. А як ацэньваюць учорашнія выбары беларусы ў Польшчы? З просьбай пракамэнтаваць выбары я зьвярнуўся да гісторыка д-ра Яўгена Мірановіча: (Мірановіч: ) “Падзелы гістарычнага характару на посткамуністаў і салідарнікаў адыйшлі ў нябыт. Калі палічыць разам галасы Квасьнеўскага і Аляхоўскага, якія абодва выводзіліся з камуністычнага лягеру, азначае, што гэтыя посткамуністычныя палітыкі атрымалі больш за 75 працэнтаў галасоў. Выбаршчыыкі ў большасьці галасавалі супраць Кшаклеўскага, супраць пэрспэктывы прыходу Кшаклеўскага да ўлады. Тры гады кіраваньня Акцыі Выбарчай Салідарнасьці надта напалохалі грамадзтва, каб давяраць яшчэ нейкую ўладу людзям гэтага лягеру, які і ўвасабляў Кшаклеўскі. І трэцяя рэфлексія – цяпер відаць вельмі выразна, што не хапае мець падтрымку Каталіцкага Касьцёла, каб адыграць нейкае палітычнае значэньне”. (Бандарук: ) “Спадар Мірановіч. Сацыёляг Ежы Вятр лічыць, ды іншыя аглядальнікі лічаць, што слабы выбарчы вынік Кшаклеўскага ўздымае пытаньне ягонага лідэрства ў Салідарнасьці і палітычнай будучыні правых сілаў. Калі Выбарчая Акцыя Салідарнасьць хоча застацца важнай палітычнай сілай, яна мусіць зьмяніць лідэра, бо Кшаклеўскі можа яе павесьці толькі да чарговай паразы на парлямэнцкіх выбараў…Ці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў выглядае, што левыя перамогуць і на парлямэнцкіх выбарах?” (Мірановіч: ) “Пэрспэктывы да перамогі вельмі выразныя, калі гэты лягер не ўпадзе ў трыюмфалізм, і калі ня будзе большых памылак”. (Бандарук: ) “А што гэта азначае для беларусаў ў Польшчы. Яны заўсёды галасуюць пераважна за левых палітыкаў, але тыя нават не спрабуюць ім аддзячыць. Ці гэтак будзе і зараз?” (Бандарук: ) “Мне здаецца, што для беларусаў вялікіх зьменаў ня будзе, хоць 90 працэнтаў іх галасуе за SLD-лягер. Некалькі год ужо ў Польшчы назіраецца тэндэнцыя зьмяншэньня зацікаўленьня справамі нацыянальных меншасьцяў. З аднаго боку добра, а з другога – узрастаюць фінансавыя клопаты”. Нагадаю, пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы гаварыў гісторык, д-р Яўген Мірановіч зь Беластоку. Афіцыйныя вынікі галасаваньня будуць вядомыя заўтра вечарам, але асноўных, вышэй згаданых фактаў гэта не зьмяняе. Кастусь Бандарук, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |