RFE/RL |
Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
“Віцебск — адзіны горад, дзе сёньня праводзіліся ня толькі мітынг, але й шесьце. І гэтае ёсьць заслугай людзей, якія тут сабраліся”, — гэткімі словамі пачаў свой выступ з прыступкаў філярмоніі на цэнтральным пляцы Леніна намесьнік старшыні БСДП (НГ) Аляксей Кароль. Мітынг завершыў двухгадзінную акцыю за свабодныя дэмакратычныя выбары “Марш Свабоды-3”. А пачыналася ўсё з таго, што людзі, якія прыходзілі да Ратушнай плошчы, бачылі тузін міліцэйскіх машын, чалавек дваццаць ў “блакітных” плямістых строях. Па-за будынкам філярмоніі хаваўся КАМАЗ з чырвоным нумарам, набіты вайскоўцамі ў плястыкавых шлемах і з аўтаматамі. Зьбянтэжаныя мінакі спяшаліся хутчэй праскочыць гэтае небясьпечнае месца. Але ўдзельнікі шэсьця спакойна разгортвалі сьцягі, уздымалі харугвы, бралі ў рукі плякаты з заклікамі да байкоту выбараў, з параўнаньнем Лукашэнкі зь Мілошавічам. Асаблівую ўвагу прыцягвалі плякаты-карыкатуры, якія падрыхтавалі мясцовыя мастакі. Як заўжды ўсё актыўна здымалася на камэру людзьмі ў цывільным. У каляровым натоўпе побач зь мініяцюрнай Людмілай Гразновай вылучалася чырвоная майка дэпутата вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна, які ўжо па традыцыі прыяжджае на акцыі ў Віцебск. Сярод удзельнікаў пераважала моладзь. Трапяталі сьцяжкі маладых сацыял-дэмакратаў, соўгаліся падлеткі з вайскова-спартовага клюбу “Мядзьведзь”, гуртаваліся рокеры і мясцовыя анархісты. Арганізавана станавіліся ў шэрагі юнакі і дзяўчаты — прыхільнікі АГП. Усіх зьдзівіла прысутнасьць фанатаў магілеўскага “Дняпра”. Калі калёна рушыла па вуліцы Суворава, ініцыятыву ўзяў на сябе Павал Севярынец, лёзунгі якога падхоплівалі ня толькі паплечнікі з маладога фронту, але й уся моладзь. Гэта была ня самая вялікая акцыя ў Віцебску за апошні год. Аднак тыя чатыры сотні чалавек, якія ўважліва слухалі выступоўцаў на мітынгу, адчувалі сябе адказнымі за тое, што творыцца ў краіне. І нездарма амаль у кожнай прамове як прыклад гучала перамога дэмакратыі ў Югаславіі. І ў аднагалосна прынятай рэзалюцыі было сказана: “Фарс ня мае нічога агульнага з сапраўднымі выбарамі. Натхнёныя падзеямі ў Югаславіі мы заклікаем іх байкатаваць!” Алег Жукоўскі, Віцебск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |