RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000

Сёньня



Мітынг у Берасьці сёньня стаў адной з самых шматлюдных акцыяў, якія апошнім часам ладзіла апазыцыя ў горадзе. Паводле зьвестак арганізатараў, у мітынгу на стадыёне “Будаўнік” узялі ўдзел 1,5 тысячы чалавек.

(Супрунюк: ) “Аднак, намесьнік начальніка берасьцейскай міліцыі Тадэвуш Лаганоўскі заявіў мне, што ў акцыі ўзялі ўдзел ня больш за 500 чалавек, а астатнія асобы, што там былі, да мітынгу дачыненьня ня маюць. Гэтую заяву можна расцэньваць і як пацьверджаньне таго, што сярод удзельнікаў было шмат супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў у цывільным. Міліцыянтаў у форме было мала.

У Берасьце на мітынг прыехалі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, а таксама адзін з кіраўнікоў БСДП (Народная Грамада) Анатоль Сідарэвіч, які ня згодны з рашэньнем кіраўніцтва сваёй партыі адносна ўдзелу ў выбарах. Вось што сказаў Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Гэтыя выбары ідуць ва ўмовах поўнай несвабоды сродкаў масавай інфармацыі… і пад час, калі зьнікаюць людзі”.

Выступоўцы заклікалі прысутных да байкоту выбараў.

Сёньня на берасьцейскім рынку “Юбілейны” быў затрыманы міліцыяй Рыгор Варвашэвіч, які распаўсюджваў улёткі-запрашэньні на санкцыянаваную ўладамі сёньняшнюю акцыю.

Юры Хадыка, які выступаў апошнім, заклікаў берасьцейцаў ня толькі самім ня йсьці на выбары, але і пастарацца зрабіць так, каб байкот стаў рэальнасьцю”.

(Радкевіч: ) “Алег, ці адчувалася на мітынгу яго ўдзельнікамі тое, што яны, так бы мовіць, не адны, што яшчэ ў 22 гарадох краіны адбываюцца акцыі салідарных зь імі людзей?”

(Супрунюк: ) “На мітынгу, сапраўды, было зачытана, што акцыі праходзяць і ў іншых гарадох Беларусі. Паколькі берасьцейскі мітынг пачаўся пазьней, чым акцыі ў іншых гарадох – у 14.30 – дык ужо было вядома, што і ў Горадні, і ў Гомелі і ў іншых месцах таксама былі шматлюдныя акцыі.

Дадам яшчэ, што ўчора па абедзе ў Берасьце прыехала брыгада швэдзкага тэлебачаньня, 4-га каналу, асноўнай мэтай якой было асьвятленьне выбараў у Польшчы. Але калі швэды даведаліся, што ў Беларусі таксама адбываюцца значныя падзеі, яны завіталі да нас у горад. Учора яны былі затрыманыя, калі здымалі агітацыю аднаго з кандыдатаў ад БСДП (Народная Грамада) Георгія Руцкага. Іх пратрымалі гадзіну ў пастарунку і загадалі хутка пакінуць Берасьце”.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org