RFE/RL |
Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У Магілеве ў межах Маршу Свабоды-3 у Камсамольскім сквэры прайшла сустрэча з выбаршчыкамі, у якой бралі ўдзел Васіль Шлындзікаў і Людміла Карпенка. На сустрэчу прыйшло каля 300 магілеўцаў. Мітынг у сквэры напярэдадні быў забаронены. Арганізатары раздавалі людзям улёткі і тлумачылі, чаму ня трэба хадзіць на выбары. Людзі, што прыйшлі на сустрэчу, падтрымалі выступоўцаў. Вось думка магілеўца Андрэя Дзігуна: (Дзігун: ) “Сэнсу ўдзельнічаць у выбарах няма, умоваў для нармальных выбараў ня створана. Апрача таго, кандыдаты, які пажадалі ўдзельнічаць у выбарах, ня змогуць рэальна нічога вырашыць”. Васіль Шлындзікаў гаварыў пра эканамічную сытуацыю і шляхі выхаду з эканамічнага крызісу. Людміла Карпенка выказала ўшпэўненасьць, што яе муж, Генадзь Карпенка, не памёр, а быў забіты. Гаварылася на мітынгу, што ніводзін з дэмакратаў Магілеўшчыны ня быў зарэгістраваны, ніводзін з апазыцыянэраў ня трапіў у выбарчыя камісіі. Тэмы плякатаў: “Выбары ў кішэнную палату – падман народа” і “Байкот фальшывым выбарам”. Затрыманьняў не было, хоць непадалёк стаяў аўтобус з міліцыянтамі. Гаворыць Васіль Шлындзікаў: (Шлындзікаў: ) “Гэта важна, што столькі людзей не спалохаліся афіцэраў у цывільным і міліцыянтаў і прыйшлі на сустрэчу. Гэта гаворыць аб тым, што зьмены ў краіне непазьбежныя. Ня зараз, дык пасьля”. Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |