RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000

Сёньня



Як ніколі бурна прайшоў мітынг у Наваполацку. Усе, хто сабраліся на пляцы перад гадазкім Палацам культуры, сказалі рашучае “не” выбарчаму фарсу.

Адкрыў мітынг старшыня мясцовай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцер Салаўёў, які азнаёміў прысутных з дадзенымі маніторынгу парушэньня ўладамі выбарчага заканадаўства.

Спадар Салаўёў асабліва адзначыў шчыраваньні ў гэтым пляне адміністрацыі вытворчага аб’яднаньня “Нафтан”, на якім загадным чынам прымушалі работнікаў ставіць подпісы на карысьць пэўных вылучэцаў.

Тэму парушэньня выбарчага заканадаўства і грамадзянскіх правоў наагул працягнуў кіраўнік гарадзкой суполкі Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Пятро Галыняк.

Выступоўца заўважыў, што дайшло да таго, што сёньня суполка ня можа арганізаваць сустрэчы з партыйным кіраўніцтвам. Улады забаранілі даваць памяшканьні.

Наагул пра факты адміністрацыйнага свавольства казалі амаль усе выступоўцы. Але лейтматывам сталі падзеі ў братняй Сэрбіі. Калі лідэр мясцовай філіі БНФ Уладзімір Кунцэвіч вітаў гістарычны выбар Сэрбіі, ягоныя словы патанулі ў бурных воплесках.

“Навапалачане, - далей сказаў Кунцэвіч, - таксама зрабілі свой выбар і ў сваёй бальшыні ня ходзяць на выбары, бо лічаць гэта пустой справай”.

Красамоўным і пераканаўчым быў выступ прадстаўніцы жаночай партыі “Надзея” Валянціны Матусевіч. “Нас увесь час палохаюць Захадам, - са скрухаю паведаміла спадарыня Матусевіч, - гэта значыць, тымі краінамі, дзе жанчыны ў сярэднім жывуць да 80-ці гадоў, дзе яны на схіле веку езьдзяць па сьвеце і радуюцца жыцьцю. У нас жа старыя кабеты змушаныя прадаваць цыгарэты, зьбіраць бутэлькі ці сядзець на рынках, каб заробіць сабе на кавалак хлеба”.

Выступіў на мітынгу і госьць зь Менску – сябар БНФ Анатоль Станкевіч. Назваўшы 5 прычынаў, чаму ён ня пойдзе на выбары, выступоўца заўважыў, што апазыцыя знаходзіцца на апошняй лініі абароны і ўжо сёньня мусіць пайсьці ў наступ.”

На пытаньне, ці хутка ў нас зьявіцца свой Воіслаў Каштуніца, спадар Станкевіч адказаў: “Такі чалавек будзе”. Грамада дружна выдахнула: “Памагай Бог!”

Пры канцы адзначым, што на мітынгу ўпершыню за часы ладжаньня падобных мерапрыемстваў адсутнічалі работнікі міліцыі.

Вінцэсь Мудроў, Наваполацк


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org