RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000

Сёньня



Сёньня ў Барысаве ў цэнтры Старога гораду адбылася сустрэча прадстаўнікоў апазыцыі з выбаршчыкамі. У выніку адбыўся шматлюдны мітынг. Паводле назіральнікаў, толькі прысутнасьць на акцыі тэхнічнай групы АБСЭ, а таксама карэспандэнтаў швэдзкіх, гішпанскіх ды іншых міжнародных сродкаў масавай інфармацыі, папярэдзіла разгон акцыі.

Плякаты, зь якімі сёньня апоўдні паўсталі сябры партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, БСДП “Народная Грамада”, Аб”яднанай грамадзянскай партыі, Маладога фронту і Маладой Грамады, былі, у асноўным жартаўлівага зьместу. Напрыклад, “лепш зь сябрамі піва піць, альбо лепш з каханым бавіць час, чым чым на выбары імчаць”.

На самым пачатку акцыі спрабавалі ўчыніць бойку пэнсіянэры, якія гэткім чынам хацелі выказаць сваю прыхільнасьць да Аляксандра Лукашэнкі.

Але хлопцы зь мясцовага спартовага патрыятычнага клюбу “Волат” хутка супакоілі гэтую публіку і прапанавалі задаваць істотныя пытаньні арганізатарам акцыі.

У гэты момант каля заяўніка акцыі, старшыні філіі партыі БНФ Анатоля Аскеркі зьявіўся намесьнік начальніка ГАУС падпалкоўнік Падабед. Ён дазволіў 10 хвілінаў пагутарыць арганізатарам акцыі зь людзьмі, а пасьля разыходзіцца, бо акцыя не дазволеная ўладамі.

У адваротным выпадку падпалкоўнік абяцаў розныя непрыемнасьці. Падпалкоўнік Падабед сказаў, што хаця акцыя і недазволеная ўладамі, ён і ягоныя калегі знаходзяцца тут дзеля таго, каб забясьпечыць грамадзкі парадак.

Пайшла ажыўленая гутарка, у якой узялі ўдзел Анатоль Аскерка, сябра сойму партыі БНФ Юрась Зянковічам, старшыня філіі БСДГ Генадзь Гаўрусь, Ніна Каляда і насельнікі Барысаву. Тэма – выбары.

Група мясцовых РНЕ-шнікаў, якая зьявілася нечакана, не наважылася перашкодзіць мерапрыемству.

Алесь Мікалайчанка, Барысаў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org