RFE/RL |
Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Польшчы адбываюцца прэзыдэнцкія выбары. З Варшавы перадае наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч. 27-мі мільёнам польскіх выбаршчыкаў прапанавана лідэра краіны з 12-ці кандыдатаў. Фаварытам – цяперашні прэзыдэнт, прадстаўнік левых палітычных сілаў Аляксандар Квасьнеўскі. Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, 57 адсоткаў выбаршчыкаў гатовыя аддаць галасы менавіта Квасьнеўскаму. Другім – вылучэнец бізнэсу Анджэй Аляхоўскі. На трэцяй пазыцыі з 17-цю адсоткаў падтрымкі лідэр “Салідэрнасьці” Мар’ян Кшаклеўскі. Ці магчыма такое, што палякі не абяруць Квасьнеўскага? Аглядальнікі сыходзяцца ў думцы, што такое малаверагодна. Сёньня ад 8-й раніцы адчыніліся выбарчыя ўчасткі, але толькі недзе к 1-й гадзіне колькасьць тых, хто прагаласаваў, перайшла мяжу адной траціны. Гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту. Я пабываў у 365 выбарчым участку, што блізу Старога гораду і пераканаўся, што прагнозы польскіх аналітыкаў і журналістаў спраўджваюцца: найбольш актыўныя на выбарах – пэнсіянэры, якія не жадаюць нейкіх зьменаў у польскай унутранай палітыцы. Таксама пяцігадовая палітыка Аляксандра Квасьнеўскага задавальняе і “сярэднюю” клясу. Пры Квасьнеўскім сярэдні заробак палякаў павялічыўся ад 250 да 500 даляраў, што лічыцца някепскімі грашыма. Натуральна, што ёсьць і тыя, якія варожа, іранічна ставяцца да фаварыта ці ўвогуле да выбараў. Тыя маладыя людзі, да якіх я падыходзіў на вуліцах Варшавы, ці цалкам не цікавяцца выбарамі, ці будуць галасаваць за іншых кандыдатаў. Першыя вынікі галасаваньня зьявяцца, паводле абяцаньняў выбарчай камісіі, недзе ў 21 вечара. Дарэчы, за выбарамі ў Польшчы амаль ня сочаць замежныя назіральнікі. Бо Польшча лічыцца ў сэнсе дэмакратыі беспраблемнай краінай. Журналістаў прыехала вельмі шмат. І некаторыя ўжо пачалі сьвяткаваць перамогу Аляксандра Квасьнеўскага. Алег Грузьдзіловіч, Варшава
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |