RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 8 Кастрычніка 2000

Сёньня



Баранавічы даўно ўжо ня бачылі такой удалай і масавай акцыі. На лініі простай сувязі наш баранавіцкі карэспандэнт Алесь Горбач.

(Горбач: ) “У сёньняшнім мітынгу, які праходзіў пад лёзунгам “За свабодныя і дэмакратычныя выбары”, прынялі ўдзел звыш 500 чалавек. Арганізатарам акцыі была мясцовая філія праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Плянавалася таксама правесьці і шэсьце, але гарвыканкам ня даў дазволу на яго правядзеньне”.

(Радкевіч: ) “Можна сказаць, што такая колькасьць прыйшоўшых на акцыю людзей – для Баранавічаў гэта шмат?”

(Горбач: ) “Так. Ранейшыя пікеты апазыцыі зьбіралі некалькі дзясяткаў чалавек. Мітынгі – 200-300 чалавек. А сёньняшняя акцыя – самая масавая ў параўнаньні з тымі, што праходзілі раней”.

(Радкевіч: ) “Як рэагавалі гарадчукі на шэсьце прадстаўнікоў апазыцыі?”

(Горбач: ) “Калі мітынг скончыўся, значная група людзей выйшла з парку калёнай – гэта каля 200 (магчыма і болей) чалавек – пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і з лёзунгамі мітынгу. Калёна рушыла да цэнтру гораду. Міліцыянты не перашкаджалі руху калёны. Людзі ішлі не па праезджай частцы, але па ходніках. Калёна прайшла міма гарвыканкаму, праскандавалі “Ганьба” і “Жыве Беларусь” і ў цэнтры гораду, на плошчы Леніна, пачалі разыходзіцца. Так што ўсё адбылося спакойна”.

(Радкевіч: ) “Ці былі госьці зь Менску, прадстаўнікі апазыцыі?”

(Горбач: ) “Так. Быў рэдактар газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, а таксама старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў. Яны выступалі на мінтынгу. Выступалі таксама лідэры мясцовых дэмакратычных арганізацыяў. Усе выступоўцы заклікалі да байкоту выбараў”.

(Радкевіч: ) “Як Вы, Алесь, як жыхар Баранавічаў, лічыце, якія настроі ў жыхароў гораду?”

(Горбач: ) “Маю думку моцна зьмяніла сёньняшняя акцыя. Я не чакаў, што сёньняшняя акцыя зьбярэ столькі людзей, і моладзі, і людзей сталага ўзросту. Мне было дзіўна, што людзі праявілі такую цікавасьць да тэмы выбараў, мне было дзіўна, што такая вялікая калёна рушыла да цэнтру гораду, бо гэта былі ня толькі актывісты грамадзкіх дэмакратычных арганізацыяў, але і звычайныя грамадзяне. Таму я дапускаю думку, што настрой пераламіўся”.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org