Сёньня ў Віцебску пікетавалі сацыял-дэмакраты. Спачатку, як заўжды па
будзёных днях, а 12-й гадзіне правёў сваю акцыю сябра БСДГ спадар Алесь
Мудрычэнка. Потым а палове на шостую распачалі свой пікет чальцы Віцебскай
суполкі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).
Як звычайна на акцыі гаворка пайшла пра зьбядненьне насельніцтва.
У скверы ля пляцу Леніна з падтрымкай сяброў іншых дэмакратычных партыяў
сабралося каля 15 чалавек. На плякатах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
можна было прачытаць: “Стоп Мілошавіч, стоп Лукашэнка!”, “Бацька, дзе абяцаны
заробак у 100 даляраў?” Побач — плякаты супраць удзелу ў выбарах. Жанчын
на пікет прыцягвала вялізная чырвоная ружа, падараваная сацыял-дэмакратамі
зь Нямеччыны.
Раздаваліся спэцвыданьні “Рабочага” і “Нашай свабоды”, ва ўлётцы, што
раздавалі, была вядомая цытата Аляксандра Лукашэнкі: “Не хадзіце на выбары,
ўсё роўна падмануць” і запрашэньні на шэсьце 8-га кастрычніка.
Настрой людзей, якія падыходзілі да ўдзельнікаў акцыі, — сумны. Яны
ўжо добра разумеюць, што гэтак жыць нельга і пытаюцца, як зьмяніць становішча.
Адказаў на гэтае пытаньне выпадкова падыйшоўшы малады сантэхнік Ігар, які,
дарэчы, падпісаўся за рэфэрэндум: “Вось каб выйсьці ўсім разам, як у Югаславіі!..”
Алег Жукоўскі, Віцебск
|