RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 6 Кастрычніка 2000

Сёньня



Афіцыйныя асобы Беларусі абвяргаюць чуткі пра прыбыцьцё ў Менск Слабадана Мілошавіча. Беларуская апазыцыя разважае пра ўрокі югаслаўскіх падзеяў.

Прадстаўнікі аб’яднай апазыцыі Беларусі павіншавалі выбранага прэзыдэнта Ваіслава Каштуніцу зь перамогаю дэмакратыі ў Югаславіі. Віншаваньне падпісалі Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Валянціна Палевікова і Аляксей Кароль. Значэньне і ўрокі перамогі югаслаўскай апазыцыі старшыня БНФ Вінцук Вячорка ацэньвае наступным чынам:

(Вячорка: ) “Для нас бялградзкія падзеі, г.зн. перамога на прэзыдэнцкіх выбарах і перамога на вуліцах дэмакратычнай апазыцыі, служаць натхняльным прыкладам. Мы прыглядаемся да досьведу сэрбскай апазыцыі, якая некалькі год таму сапраўды пачынала з масавых акцыяў у сталіцы, а апошнія некалькі год сканцэнтравалася на руплівай, мэтадычнай працы ў рэгіёнах, на працы з дастаўкай інфармацыі да кожнага чалавека. З другога боку, рэжым Лукашэнкі спалоханы, разгублены, афіцыйныя камэнтары сьмехатворныя”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа, на Вашую думку, падзеньне рэжыму Мілошавіча прыцягнуць большую ўвагу міжнароднай супольнасьці і міжнародных структураў да сытуацыі Беларусі?”

(Вячорка: ) “Перадусім, падзеньне Мілошавіча пакажа ўсім тым у Эўропе, хто думаў, што трэба мірыцца з рэальнасьцяй, прызнаваць статус-кво, што гэта палітыка блізарукая і беспэрпэсктыўная”.

Гаварыў Вінцук Вячорка.
Нам хацелася б прадставіць слухачам і афіцыйную ацэнку сытуацыі ў Югаславіі, але прэсавы сакратар прэзыдэнта Беларусі Мікола Барысевіч, паабяцаўшы пракамэнтаваць югаслаўскія падзеі, у прызначаны час проста зьнік або не падымаў тэлефонную слухаўку. Дарэчы, гэта ўжо становіцца звыклым стылем працы для Барысевіча.
Затое пра Югаславію сёньня гаварыў сам Аляксандар Лукашэнка, які зноў адрынуў чуткі пра прыбыцьцё ў Менск Слабадана Мілошавіча. Ён адзначыў, што ніхто з прадстаўнікоў югаслаўскага кіраўніцтва не зьвяртаўся ў Беларусь з просьбаю ў наданьні палітычнага прытулку Мілошавічу. Лукашэнка выказаў сумненьні, што Мілошавіч увогуле зьвернецца да якой-небудзь дзяржавы з такой просьбаю. “У Мілошавіча проста няма падставаў зьяжджаць зь Югаславіі. У яго шмат варыянтаў”, — сказаў кіраўнік Беларусі.

Тым часам сёньня ўранку прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын у сталіцы Казахстана Астане заявіў, што “Беларускія ўлады гатовыя разгледзець пытаньне ў прадастаўленьні Слабадану Мілошавічу палітычнага прытулку”. Ярмошын, аднак, таксама паведаміў, што пакуль Мілошавіч з такой просьбаю не зьвяртаўся. Заўважым, што ўсе ўсясьветныя тэлеканалы менавіта Беларусь называюць найбольш верагодным месцам прытулку для былога югаслаўскага прэзыдэнта.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што Слабадан Мілошавіч наўрад ці атрымае прытулак у Беларусі:

(Вячорка: ) “Прапановы і заявы пра тое, што Мілошавічу быццам бы можа быць дадзены палітычны прытулак у Беларусі, хутчэй за ўсё ня дойдуць да пэўнага выніку, таму што гэта будзе азначаць канчатковы і поўны крах спадзеваў на прызнаньне вынікаў выбарчага фарсу тут. А калі б да таго і дайшло, то і Мілошавіч, і іншыя павінны былі б разумець, што з найменшай зьменай сытуацыі Мілошавіч пасьпяхова быў бы здадзены Гаагскаму трыбуналу і адсюль, з Беларусі”.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org