RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 6 Кастрычніка 2000

Сёньня



Намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімер Раманоўскі асуджаны сёньня на 10 сутак арышту за агітацыю супраць удзелу ў выбарах.

Сёньня ўпершыню за ўвесь час правядзеньня апазыцыйных акцыяў, скіраваных на байкот выбараў, суд прымяніў жорсткае пакараньне — арышт. Дагэтуль справа абмяжоўвалася галоўным чынам штрафамі. Судзьдзя Першамайскага суду, вайсковец у адстаўцы спадар Несінаў асудзіў на 10 сутак арышту Ўладзімера Раманоўскага. Ён палічыў, што заклікі да байкоту выбараў — гэта несанкцыянаваны пікет. Аб’яднаная Грамадзянская партыя распаўсюдзіла заяву, у якой выказвае катэгарычны пратэст у сувязі зь незаконным арыштам Уладзімера Раманоўскага.

Гаворыць старшыня АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Мы атрымалі інфармацыю, што аддадзены загад больш жорстка адносіцца да тых, хто ўдзельнічае ў акцыі актыўнага байкоту, і Ўладзімер Раманоўскі проста стаў першай ахвярай пасьля такога загаду. Для нас гэта не зьявілася нечаканасьцю, таму што хтосьці павінен быць першым. Разам з тым мы бачым у гэтым і станоўчае. Гэта тое, што, відаць, улады і Лукашэнка асабіста атрымоўваюць ад сваіх спэцслужбаў весткі, што яны не кантралююць сытуацыю, што ёсьць верагоднасьць, што выбары проста не адбудуцца, і для таго, каб перакрыць тую працу, якая зараз ідзе, будуць прымацца захады такой дэманстратыўнай пасадкі людзей, каб гэта паўплывала на настроі іншых. Але зараз ёсьць іншыя фактары, якія не дадуць тым мэтам, якія ставіць улада, рэалізавацца на практыцы. Па-першае, гэта фон, які ідзе зь Югаславіі. Па-другое, я спадзяюся, што і акцыі, якія пройдууць 8-га ў рэгіёнах Беларусі, таксама станоўча паўплываюць на агульны настрой. Мы маем ужо больш за 100 прозьвішчаў людзей, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці ці якія чакаюць рашэньян сваёй справы ў судовым парадку. Таму тое, што адбылося з Раманоўскім, ня можа садзейнічаць умацаванью пазыцыяў Лукашэнкі ва ўзаемаадносінах з міжнароднай супольнасьцю”.

Паведаміў радыё Свабода Анатоль Лябедзька.

Сябры АГП патрабуюць тэрміновага перагляду справы і ўнясеньня пратэсту на незаконнае рашэньне суду.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org