RFE/RL |
Пятніца, 6 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
(эфір 7 кастрычніка) Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. Паліўны крызыс, які ахапіў краіны Заходняй Эўропы, моцна закрануў і Беларусь. Праявы гэтага крызысу адчуваюцца і сёньня. Толькі за месяц цэны на бэнзын падвышаліся тройчы, і цяпер кошт аднаго літру 92-га бэнзыну — 505 рублёў, 95-га — 570 рублёў, ці болей за 50 цэнтаў ЗША. А дызэльнае паліва падвысілася ў цане да 375 рублёў. Такое падвышэньне спрыяе інфляцыі. Напрыклад, як могуць успрымаць рост цэнаў на паліва калгасы ды саўгасы, калі кошт 1 літру дызпаліва наблізіўся да закупачнае цаны аднаго кіляграму мяса. А ўласьнікі прыватных аўтамабіляў проста ў роспачы. Непамерна дорага стала карыстацца ўласным легкавым транспартам. Кіраўнік дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім” Іван Бамбіза, між тым, заяўляе, што цэны на паліва ў нас яшчэ ў паўтары разы ніжэйшыя, чым у еўрапейскіх краінах. Таму, маўляў, няма прычынаў скардзіцца. Насамрэч сытуацыя з палівам у краіне крытычная. Як вядома, цана расейскае нафты для перапрацоўкі за апошнія 2-3 месяцы павялічылася са 110 да 160–170 даляраў за тону. Да канца года ў сувязі з гэтым на яе трэба дадаткова выдаткаваць 30 мільёнаў даляраў. Гэтыя сумы ў рэшце рэшт адаб’юцца на цане тавараў. Да таго ж, у росьце цэнаў не пастаўленая кропка, бо на сёньня пачаўся інтэнсыўны рост цэнаў на паліва і ў Расеі. Літаральна на гэтым тыдні цана на бэнзын Аі-92 і Аі-95 узрасьлі там адпаведна на 10–25%, ці да 30–40 цэнтаў. У гэтай сувязі нельга зразумець, чаму, прымаючы бюджэт на наступны год, урад пайшоў на падваеньне падатку на паліва — зь 10% да 20%. Гэта ж падвышэньне выдаткаў вытворчасьці й цэнаў. Цікава, што ва ўладных структурах маюць надзею, што цэны на паліва, у тым ліку й на сырую нафту, пад канец году будуць зьніжаныя. Толькі спрычыніцца да гэтага не Расея, а ЗША. Той жа кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” днямі заявіў: “прэзыдэнт ЗША ўжо прыняў рашэньне пра размарожваьне часткі сваіх рэзэрваў. Калі ён выкідвае свае нафтапрадукты на рынак, краіны OPEC (опек) мусяць адрэагаваць і зьнізіць цану”. Што датычыць Расеі, дык зь ёй на падставе гандлю нафтаю зноў пачаліся спрэчкі. Масква абвінавачвае Беларусь у рээкспарце нафты, што наносіць Расеі вялікія фінансавыя страты. Беларусь апраўдваецца тым, што прадае ня нафту, а прадукты яе перапрацоўкі. У гэтых умовах чакаць дапамогі з Расеі — дарэмная справа. З паліўным крызысам давядзецца змагацца самастойна. Уладзімер Кулажанка, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |