RFE/RL |
Пятніца, 6 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Маёр міліцыі Анатоль Амельчанка, якога Юлія Чыгір укусіла за вуха, зьвярнуўся да суда з просьбаю вынесьці падсуднай мінімальнае пакараньне. Пацярпелы заяўляе, што міліцыя нясе частку адказнасьці за інцыдэнт, які адбыўся ў апошні дзень працэсу над экс-прэм’ерам Міхалам Чыгіром. Пацярпелы маёр міліцыі Анатоль Амельчанка заявіў сёньня на працэсе, што міліцыянты таксама нясуць частку адказнасьці за гэты інцыдэнт. “Мы самі сабе стварылі пэўныя цяжкасьці ў працы”, — прызнаў Анатоль Амельчанка, гаворачы пра цісканіну, якая ўзьнікла на ганку суду ў апошні дзень працэсу над Міхалам Чыгіром. Аднак маёр настойваў на тым, што Юлія Чыгір у тых абставінах парушала патрабаваньні міліцыі, і ён зрабіў слушна, калі схапіў яе і сілком зацягнуў у будынак суду. Тое, што яна яго ўкусіла, ён лічыць злачынствам, вартым пакараньня паводле закону. Праўда, міліцыянт не настойвае на пакараньні пяцьцю гадамі пазбаўленьня волі… “Яна павінна панесьці пакараньне, але я прасіў суд, каб яно было мінімальным — гэта год папраўчых работ ці нават ніжэй за мінімальны ўзровень. Я такама не патрабую, каб мне кампэнсавалі фізычныя і маральныя страты, хаця траўма, сапраўды, была”, — заявіў Анатоль Амельчанка. Пасьля судовага паседжаньня, адказваючы на пытаньні радыё Свабода, маёр паўтарыў сваё меркаваньне, што адказнасьць за інцыдэнт у гарадзкім судзе нясуць абодва бакі. “Шкадую, што сапраўды ў той час склалася такая сытуацыя. Не магу сказаць, што ідэальнымі былі дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, але й не былі дастаткова стрыманымі людзі, якія прыйшлі на працэс. Калі б яны таксама йнакш сябе паводзілі, дык інцыдэнту не было б”, — упэўнены маёр Амельчанка. Цікава, аднак, што на судзе пацярпелы ўсё ж блытаўся ў некаторых паказаньнях. Спачатку ён не адмаўляў, што Юлія Чыгір на ганку суда прасіла міліцыянтаў прапусьціць на працэс яе сваякоў, але потым заявіў, што асабіста ён ня памятае такіх зваротаў. Гэта потым Анатоль Амельчанка паўтарыў і для нашага радыё: (Амельчанка: ) “Я ня памятаю, каб Чыгір выходзіла і казала: “Прапусьціве сваякоў”. Гэтыя словы маёра Амельчанкі былі пачутыя адной са сьведкаў тых падзеяў, журналісткаю “Белорусской газеты” Асяй Трацюк. Стоячы насупраць міліцыянта, жанчына заявіла: (Трацюк: ) “Ён хлусіць. Ён быў на ганку, я яго добра памятаю. Ён чуў, як Чыгір сказала: “Я патрабую прапусьціць маіх сваякоў і журналістаў”, і ў прыватнасьці, называла маё імя і імя Генадзя Барбарыча. Але нас не пускалі”, — казала Ася Трацюк. У судзе Ася Трацюк яшчэ будзе выступаць як сьведка, і гатовая абвергнуць некаторыя моманты ў паказаньнях пацярпелага. Апытаньні сьведкаў пачнуцца на наступным тыдні. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |