RFE/RL |
Пятніца, 6 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Тэатар беларускае драматургіі “Вольная сцэна” выходзіць з падпарадкаваньня Міністэрству культуры. Пра такое рашэньне заявіў учора на адкрыцьці чарговага сэзону стваральнік і нязьменны мастацкі кіраўнік “Вольнае сцэны” Валеры Мазынскі. Сьвята, якое зазвычай бывала на “Вольнай сцэне”, калі тэатральная трупа пасьля летніх вакацыяў зноў выходзіла да гледачоў, тым болей з прэм’ерным спэктаклем, не адчувалася, нягледзячы на аншляг. Акторы так і не разьняволіліся цягам усяго спэктаклю, пастаўленага рэжысэрам Міколам Дзінавым паводле даволі вясёлае п’есы Максіма Клімковіча ды Ўладзімера Сьцяпана “Блазан”. А калі напрыканцы на сцэну выйшаў звольнены Міністэрствам культуры стваральнік ды нязьменны мастацкі кіраўнік тэатру Валеры Мазынскі, дык яны спачатку зьнямелі, а пасьля першых ягоных словаў, некаторыя гучна расплакаліся. Спадар Мазынскі заявіў, што з прыходам новага мастацкага кіраўніка ня бачыць магчымасьці працаваць далей у тэатры ў якасьці чарговага рэжысэра і сыходзіць, забіраючы з сабою назоў свайго дзецішча — “Вольная сцэна”. Вось як ён патлумачыў нашаму радыё сваё рашэньне. (Мазынскі: ) “Рашэньне гэтае было прынятае пасьля таго, як былі выкарыстаныя ўсе, на наш погляд, захады па ратаваньню тэатра як дзяржаўнай структуры. Таму што быў апошні зварот нашых тэатральных дзеячоў да міністра, і яны, як кажуць, засталіся кожны пры сваім – што нічога там ня будзе, мы мусім як дзьве сабакі ў адным мяшку сядзець. Карацей, дыскамфорт фізычын і духоўны, ён не патрэбны ні мне, ні тым, хто абсалютна ня згодны быў з усімі гэтымі рашэньнямі. Таму абсалютна спакойна мы вырашылі адыйсьці”. Разам са сваім мастацкім кіраўніком сыходзяць акторы, праўда, ня ўсе. Частка звабілася на абяцаньні замежных гастроляў, падвышаных заробкаў ды нават кватэраў. Граць на незалежнай ад Міністэрства культуры “Вольнай сцэне” выказала намер прыкладна палова трупы, у тым ліку й выканаўца адразу дзьвюх галоўных роляў у прэм’еры сэзону Юрась Жыгамонт. (Жыгамонт: ) “У нас была спроба стварыць вольны, незалежны тэатар пры міністэрстве ды займацца беларускай справай, беларускай драматургіяй, беларускімі п’есамі, беларускімі аўтарамі. Зараз у нас гэта забралі. Зараз мы выходзім на вуліцу. Мы сыходзім з гэтага памяшканьня, мы сыходзім ад міністэрства, каб стварыць вольны, незалежны беларускі тэатар. Менавіта беларускі – займацца толькі беларускай драматургіяй”. Як нам стала вядома, ідэю незалежнасьці “Вольнае сцэны” падтрымаў старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. Ён робіць пэўныя захады дзеля таго, каб “Вольная сцэна” стала тэатрам-студыяй пры СТД. Больш таго, Аляксей Дудараў даў згоду быць мастацкім кіраўніком гэтага тэатру, які з панядзелка ўжо пачынае свае рэпэтыцыі. Сцэну дзеля гэтага мяркуецца арандаваць, а спэктаклі паказваць як антрэпрызы. Ужо вядома й першая п’еса, зь якой зьбіраецца выйсьці да свайго гледача “Вольная сцэна” — гэта славуты дудараўскі “Вечар”. Што ж датычыць рэакцыі Міністэрства культуры на гэтыя падзеі, дык яна даволі стрыманая. (Куксянко: ) “Я вітаю зьяўленьне новых тэатраў у дадатак да тых, што існуюць”. Сказала галоўная спэцыялістка аддзелу тэатру Міністэрства культуры Ларыса Куксянко. Яна таксама сказала, што галоўная праблема ўсялякай ініцыятывы — гэта грошы. Калі яны ў спадара Мазынскага ёсьць, дык іншых перашкодаў для працы новага тэатру ня будзе. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |