RFE/RL |
Чацьвер, 5 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Пад час Зьезду Саветаў Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць ростам цэнаў і загадаў прэм’еру тэрмінова спыніць яго. Пасьля гэтага Савет міністраў паўшчуваў міністэрствы й нагадаў ім пра недапушчальнасьць эканамічна неабгрунтаванага росту цэнаў. Але, як заявіў сёньня міністар гандлю Пётра Казлоў у часе прэсавае канфэрэнцыі, “цэны неабходна павялічваць, бо патрэбна забясьпечваць рэнтабельнасьць прадпрыемстваў”. Сёлета з усіх тавараў у крамах беларусы больш за ўсё набываюць харчы — на іншае няма грошай. Удзельная вага харчаваньня ў таваразвароце складае амаль 66 адсоткаў, тады як нармальнаю лічыцца прапорцыя — 50/50 (палова на харчы, палова на прамысловыя тавары). Пра гэта паведаміў сёньня міністар гандлю Пётра Казлоў у часе прэсавае канфэрэнцыі. Я запыталася ў спадара Казлова, ці магчыма ўрадавымі дырэктывамі спыніць рост цэнаў, асабліва тады, калі адбываецца падвышэньне мінімальных заробкаў… Адказвае Пётра Казлоў: (Казлоў: ) “Цэны могуць падвысіцца. З улікам інфляцыі яны будуць падвышацца. У міністэрстве гандлю заўжды бачылі, якія ў нас нізкія цэны на тавары, асабліва на харчовыя. Мы разумеем, што праз гэта сельскагаспадарчыя вытворцы церпяць страты. Цана мусіць быць рэальнай, каб забясьпечвала рэнтабельнасьць. І найперш яна мусіць быць зьвязаная з заробкавай платаю”. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта радыё Свабода пра магчымае чарговае падвышэньне ў блізкім часе цэнаў на гарэлку, міністар гандлю адзначыў: (Казлоў: ) “На маю думку, цэны на гарэлку ў нас вельмі нізкія. І гэтым мы проста спойваем людзей. Гэта ня лепшы паказьнік, калі гарэлка танная, у той час як закуска дарагая. Гарэлка заўжды забясьпечвала бюджэт любое дзяржавы. У савецкі час сабекошт гарэлкі складаў 40-60 капеек, а прадавалі яе па 6 рублёў. Цяпер сабекошт гарэлкі амаль такі ж — каля 60 цэнтаў, але каштуе яна каля 2 даляраў”. Гэта быў міністар гандлю Пётра Казлоў. Ганна Соусь, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |