RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 5 Кастрычніка 2000

Сёньня



Дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Нісьцюк падае пазоў супраць сьпікера Дзяржаўнае Думы Расеі Генадзя Селязьнёва. Дэпутат лічыць, што думскі старшыня зьняважыў ягоныя гонар і годнасьць, назваўшы “самазванцам”. Уладзімер Нісьцюк патрабуе ад спадара Селязьнёва маральнае кампэнсацыі памерам 100 тысячаў даляраў.

Прычынаю пазову Ўладзімера Нісьцюка да Генадзя Селязьнёва стаў выступ сьпікера Дзяржаўнае Думы на Зьезьдзе саветаў у Менску 29 верасьня. Генадзь Селязьнёў казаў пра тое, што Парлямэнцкая асамблея АБСЭ наўмысна прызнае дэпутацкі мандат “самазванца Нісьцюка, які палівае брудам сваю краіну”. Уладзімер Нісьцюк абураны гэтымі словамі кіраўніка расейскага парлямэнту, бо Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, на ягоную думку, абсалютна законна ўжо два разы пацьвярджала менавіта паўнамоцтвы дэлегацыі Вярхоўнага Савету Беларусі.

Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Думаю, што гэтак таму, што мы ўжо чатыры гады сустракаемся са спадаром Селязьнёвым на ўсіх паседжаньнях Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і на ўсіх яе сэсіях. І кожны раз у нас адбываюцца вельмі вялікія спрэчкі. І першы раз я назваў спадара Селязьнёва адвакатам Лукашэнкі ў Варшаве ў 98-м годзе. І ўвесь гэты час пры сустрэчах, пры ўсіх гэтых выступах мы падкрэсьліваем, што няма ніякіх падставаў, каб расейская дэлегацыя ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі і выступала там за нас. У гэтых спрэчках вельмі актыўна ўдзельнічаў спадар Селязьнёў. Таму можа больш за ўсё яму не спадабалася мая пазыцыя, бо я вельмі настойліва ўвесь час яго дзёўбаў. Таму вось праз чатыры гады яго прарвала, атрымаў магчымасьць нахаміць – ён нахаміў”.

Паведаміў нашаму радыё сябра сталае дэлегацыі Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Ўладзімер Нісьцюк.

Абражаны дэпутат зьбіраецца неўзабаве накіраваць пазоў у абароне гонару й годнасьці ў адзін з раённых судоў Масквы. Сума кампэнсацыі, якую ён мае намер спагнаць з Генадзя Селязьнёва — сто тысячаў даляраў.

Уладзімер Нісьцюк таксама зьвярнуўся ўчора да кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка з афіцыйнай заяваю, у якой прасіў паінфармаваць кіраўніцтва ПА АБСЭ пра паводзіны сябра гэтай арганізацыі Генадзя Селязьнёва. А афіцыйны ліст з просьбаю прыцягнуць сьпікера Думы да дысцыплінарнай адказнасьці ў рамках Парлямэнцкай Асамблеі Ўладзімер Нісьцюк перадасьць асабіста старшыні АБСЭ Адрыяну Севярыну, які неўзабаве наведае Менск.

Спадар Нісьцюк таксама зьбіраецца зьвярнуцца да дэпутатаў шэрагу фракцыяў Думы з просьбаю спраўдзіць — якія паўнамоцтвы ад свайго парлямэнту перад прыездам у Менск атрымаў Генадзь Селязьнёў.

Тым часам стала вядома, што яшчэ адзін пазоў, гэтым разам ужо ў беларускі суд, мае намер падаць былы сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Спадар Шушкевіч зьбіраецца прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку, які пад час аднаго са сваіх нядаўніх выступаў заявіў, што былы кіраўнік Беларусі нібыта атрымаў за развал Савецкага Саюзу ад Захаду мільярд даляраў.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org