RFE/RL |
Чацьвер, 5 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
У Менскім гарадзкім судзе пачаўся суд над супрацоўнікам спэцгрупы міліцыі “Алмаз” Ліфанавым, які пад час сьвяткаваньня Дня міліцыі забіў аднаго АМАПаўца і яшчэ пяць чалавек параніў. Чым асабліва цікавая справа “алмазаўца” Ліфанава, якую сёньня пачаў разглядаць гарадзкі суд? Журналісты, што прыйшлі на працэс, не ўзгадаюць выпадку, калі міліцыянту пагражала б сьмяротная кара. Тым больш, што гаворка йдзе пра камандзіра зьвяна спэцгрупы ў барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Высьвятленьне прычынаў, якія прывялі барацьбіта з тэрарызмам на лаву падсудных, можа быць карысным для грамадзтва. Але пры ўмове, што судзьдзі не абмінуць і шэраг быццам ня самых істотных, але насамрэч вельмі важных пытаньняў. І найперш — чаму супрацоўнікам спэцслужбаў дазволена ў любы час мець зброю і чым абгрунтоўваецца выкарыстаньне зброі супраць грамадзянаў? Як высьветлілася, існуе загад міністра ўнутраных справаў, паводле якога міліцыянты пасьля службы мусяць зброю здаваць. Але некаторыя “алмазаўцы”, у тым ліку той жа Ліфанаў, гэтаму загаду не падпарадкоўваліся. Чаму? Яшчэ адзін цікавы момант, на які сьледзтва не акцэнтуе ўвагі — дачыненьні спэцслужбаў і ўправаў у нутры міліцыі. Ня выключана, што на працэсе высьвятляцца факты, якія пацьвердзяць існаваньне канфлікту паміж тым жа “Алмазам” і АМАПам. Ва ўсялякім разе, паказаньні сьведкаў з АМАПу ў справе Ліфанава вельмі падобныя, што калегі Ліфанава лічаць доказам змовы супраць свайго сябра. Фёдар Ліфанаў, дарэчы, сваю віну не прызнае. Ён заявіў суду, што пад час сутычкі з АМАПаўцамі быў зьбіты да непрытомнага стану, і таму ня можа патлумачыць, як адбылося, што зь ягонага пісталета была пачатая страляніна па людзях. Адзін з калегаў Ліфанава ў прыватнай гутарцы з вашым карэспандэнтам прызнаўся, што па-ранейшаму яму давярае і не разумее, цытую, “чаму яго гэтак заклініла”. Але калі я паспрабаваў перавесьці гутарку на тэму псыхічных нагрузак “алмазаўцаў” пад час службы, мой суразмоўца замоўк і далей працягваць размову адмовіўся. Адмовіліся размаўляць з журналістамі і АМАПаўцы, параненыя Ліфанавым. Гэта Адашкевіч, Маціюнас, Чухліб і Суханькоў. Паводле іхных паказаньняў, ва ўсім вінаваты пьяны Ліфанаў, які пачаў штурхацца на танцавальнай пляцоўцы, а потым стрэліў зь пісталета. Між тым, у судзе ўжо агалошаныя паказаньні, згодна зь якімі на сьвяточнай дыскатэцы ня толькі “алмазаўцы”, але й АМАПаўцы былі нападпітку. Нібыта яны дамовіліся з начальнікам аховы, што пранясуць у залю гарэлку. Так гэта ці не, высьветліць суд. Ён, аднак, ня верне Міхала Гляда, які загінуў. Паводле сьведкаў, гэта Міхал Гляд першым паспрабаваў угаварыць Ліфанава мірна пакінуць дыскатэку, але ў адказ атрымаў кулю. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |