RFE/RL |
Чацьвер, 5 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У Сьветлагорску і Рагачове ўлады адмовілі прадстаўнікам апазыцыі ў правядзеньні мітынгаў 8 кастрычніка. У Сьветлагорску каля аўтастанцыі быў схоплены міліцыянтамі старшыня гарадзкой суполкі БНФ Віктар Ахрамчук. Міліцыянты сканфіскавалі ў яго 21 налепку “Байкот-2000” і 3 “Стоп Лука”. На спадара Ахрамчука склалі патакол аб адміністрацыйным правапарушэньі і накіравалі ў адпаведную камісію гарвыканкаму. У сваю чаргу выканкам, адмовіўшы Ахрамчуку ў правядзеньні 8 кастрычніка мітынгу, прапанаваў у адпаведным лісьце зьмяніць тэму акцыі. У Рагачове старшыня райвыканкаму Мікалай Федаровіч паведаміў кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімеру Тамковічу наступнае (цытата): “Адносіны да выбараў прадстаўнікі АГП ужо засьведчылі праз распаўсюджваньне ўлётак з заклікамі да байкоту выбараў. Райвыканкам адмаўляе раённай арганізацыі АГП у правядзеньні мітынгу”. У суседнім Жлобіне ўлады забясьпечылі міліцыянтаў узорамі ўлётак, за якія цяпер людзей хапаюць і вязуць у пастарунак, каб скласьці пратаколы. У лік такіх узораў патрапіў спэц-выпуск газэты “Рабочы”, а таксама ўжо раней згаданыя налепкі “Байкот-2000”. Менавіта за адну такую налепку ўвечары каля кінатэатра “Радзіма” на вачах жонкі і малалетніх дзяцей быў схоплены ўзброенымі міліцыянтамі лекар-лябаранат Генадзь Туркоўскі, а разам зь імі і Ігар Волатаў. Казімер Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |