RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 5 Кастрычніка 2000

Сёньня:



У Горадні плянаваны на 8 кастрычніка мітынг “За справядлівыя дэмакратычныя выбары” хутчэй за ўсё не адбудзецца. Улады спачатку не дазволілі яго праводзіць, але потым зьмянілі сваё рашэньне.

Заяву ў гарадзкі выканкам падпісалі 22 прадстаўнікі розных грамадзкіх і партыйных арганізацыяў гораду. Але асноўным заяўнікам быў Сяргей Мальчык — кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вінцука Вячоркі. Спадар Мальчык атрымаў адмову з тлумачэньнем, што “адказны арганізатар не аднойчы дапускаў парушэньні дзейнага заканадаўства пры правядзеньні падобных мерапрыемстваў”.

Аднак у сераду Сяргея Мальчыка й кіраўніка Каардынацыйнага камітэту “Гарадзенская ініцыятыва” Сямёна Домаша выклікалі ў гарадзкі выканкам. Учора ўвечары ўлады зьмянілі сваё рашэньне, дазволіўшы мітынг. Аднак Сямён Домаш патлумачыў мне па тэлефоне, што хутчэй за ўсё мітынга ня будзе. Заяўнікі хацелі яго правесьці ў цэнтры гораду. Улады прапанавалі іншае месца. Арганізатары сказалі, што пройдуць туды калёнаю. Але ўлады шэсьце забаранілі. Ну, а калі так, праводзіць мітынг на такіх умовах заяўнікі не жадаюць. Хаця калектыўнага рашэньня пад час перадачы гэтага матэрыялу яшчэ не было.

Трэба сказаць, што частка гарадзенскіх актывістаў настроена досыць рашуча. Маўляў, у горадзе былі расклееныя ўлёткі, і будзе сорамна нічога не праводзіць. З улёткамі, праўда, атрымалася крыху недарэчна. Іх зрабілі ў Менску, па-сутнасьці, не параіўшыся з гарадзенцамі. На ўлётках-налепках указваецца, што ў Горадні адбудзецца “Марш Свабоды”. Хаця арганізатары падавалі заяўку толькі на мітынг.

У вобласьці даволі актыўна распаўсюджваюцца ўлёткі, якія заклікаюць да байкоту выбараў. Але пакуль дакладна вядома толькі, што антывыбарчы пікет адбудзецца 8 кастрычніка ў Слоніме. Ён дазволены ўладамі.

Ня ўсе друкі трапілі да выбаршчыкаў. Гарадзенскі актывіст Маладога Фронту Сяргей Паўленка перавозіў са сталіцы 16 тысячаў улётак. Ягоная машына была спынена міліцыянтамі, а ўлёткі — сканфіскаваныя. У Лідзе на заводзе “Оптык” пад час сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты былі затрыманыя актывісты, якія распаўсюджвалі газэты “Голас Ліды” й “Рабочы”, прысьвечаныя байкоту выбараў. Адзін зь іх — Артур Ганько быў аштрафаваны на 3 мінімальныя заробкі.

У Лідзе ж міліцыя ўчора ўвечары спрабавала наведацца ў кватэру кіраўніка мясцовай арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Станіслава Беркуса. Аднак ён адмовіўся адчыніць дзьверы й затэлефанаваў у аддзел міліцыі. Паводле словаў спадара Беркуса, яго паплечнікамі ў горадзе было распаўсюджана больш за 5 тысячаў улётак, прысьвечаных байкоту выбараў.

Сяргей Астраўцоў, Горадня


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org