RFE/RL |
Серада, 4 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Да апошняга часу ўлады Полацку і Наваполацку ня надта шчыравалі ў справе ўтаймаваньня апазыцыйных сілаў, якія пратэстуюць супраць выбарчага фарсу. Але вось палітычная ідылія скончылася, і ў міліцэйскіх пастарунках зьявіліся затрыманыя апазыцыянэры. З другога боку, мітынг 8 кастрычніка ў Наваполацку дазволены. Першым у пастарунак патрапіў жыхар Полацку спадар Кухарэнка – увечары 2 кастрычніка ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі пад час порымацоўваньня да сьцяны аднаго з будынкаў на вуліцы Гогаля перадвыбарчай налепкі.Спадара Кухарэнку завезьлі ў пастарунак, абшукалі, і хаця ніякай так бы мовіць падрыўной літаратуры пры ім не было, затрыманы адседзеў за кратамі 5 гадзінаў і быў адпушчаны да хаты са словамі “Чакай позвы ў суд”. А сёньня ў пракуратуру Наваполацка былі пакліканыя адразу тры сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі, спадары Гацкі, Гнятко і Каханчык. Падставай для выкліку стала тое, што ў абвестцы аб маючым адбыцца пікеце яны ўжылі назву сваёй арганізацыі, якая не зарэгістраваная ў гарвыканкаме. Як сказаў нам кіраўнік суполкі спадар Гацкі, выклікамі ў пракуратуру ўлады спрабуюць настрашыць актывістаў апазыцыі напярэдадні так званых выбараў. Дарэчы, у Наваполацку маюць адбыцца на толькі выбары ў “палату прадстаўнікоў”, але і ў мясцовыя саветы. На леташніх выбарах навапалачане ў сваёй бальшыні не пажадалі абіраць дэпутатаў у гэты орган, і ў выніку з 30 дэпутацкіх крэслаў было запоўнена толькі 8. Цяпер на 22 вакантныя месцы вэртыкаль не бяз цяжкасьцяў арганізавала вылучэньне 33 кандыдатаў, пры гэтым партыі і грамадзкія арганізацыі, апроч камуністаў і БПСМ, ад падобнага вылучэньня дыстанцаваліся. Сваё стаўленьне да выбараў кіраўнікі партыйных суполак зьбіраюцца выказаць на мінтынгу, які адбудзецца 8 кастрычніка. Учора атрыманы дазвол на яго правядзеньне. Ён пачнецца а 12 гадзіне на пляцы ля гарадзкога палаца культуры. Вінцэсь Мудроў, Наваполацак
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |