RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 4 Кастрычніка 2000

Сёньня:



Улады Менскае вобласьці нэрвова адрэагавалі на рашэньне шэрагу апазыцыйных партыяў правесьці 8 кастрычніка ў буйных гарадох краіны акцыі пратэсту супраць выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”.

Учора ўвечары лідэр Слуцкай арганізацыі АГП Аляксандар Катляроў быў выкліканы ў мясцовы пастарунак. Начальнік ГРАУС маёр Аляксандар Прымакоў і ягоныя намесьнікі прапанавалі яму падпісаць папярэджаньне.

Маўляў, паколькі гарадзкі выканкам адмовіў яму ў правядзеньні 8 кастрычніка на тутэйшым стадыёне антывыбарчага мітынгу, дык у выпадку спробы арганізацыі ў горадзе падобных несанкцыянаваных акцыяў уся адказнасьць за магчымыя наступствы ляжа пэрсанальна на яго, Аляксандра Катлярова.

Але Аляксандар папярэджаньне не падпісаў. А ў размове са мною заўважыў: зараз слуцкая міліцыя так нэрвуецца, што нават хапае і цягне ў пастарунак ўдзельнікаў сустрэчаў з выбаршчыкамі, хоць гэткія стрэчы дазваляюцца заканадаўствам. Такое, дарэчы, у верасьні ўжо здарылася з самім спадаром Катляровым, і тутэйшы суд у выніку вынес яму папярэджаньне…

Як паведаміў старшыня Жодзінскае рады БНФ Аляксей Лапіцкі, тутэйшыя ўлады, наадварот, ня чыняць яму і ягоным паплечнікам перашкодаў у арганізацыі 8 кастрычніка такое сустрэчы ў цэнтры гораду ля ўнівэрсаму “Цэнтральны”. Але не дае падрыхтавацца да яе мясцовы ГАУС. Днямі міліцыянты затрымалі няпоўнагадовага сябра Маладога Фронту Паўла Красоўскага, у якога знайшлі налепкі “Байкот-2000”. Цяпер сьледчы Дзянісюк мкнецца даказаць, што, маўляў, за распаўсюджваньне налепак спадар Лапіцкі плаціў маладафронтаўцу грошы. І літаральна кожны дзень на працягу тыдня выклікае да сябе на допыты кіраўніка філіі БНФ.

У Маладэчне перадвыбарчая агітацыя пад наглядам старшыні гарадзкога выканкаму Мікалая Чурсіна. Учора ён правёў сустрэчу зь лідэрамі ўсіх тутэйшых палітычных арганізацыяў, акрамя народнафронтаўскіх (іхныя кіраўнікі прайгнаравалі сход). А затым — зь мясцовымі рэлігійнымі дзяячамі. Ад палітыкаў спадар Чурсін запатрабаваў спыненьня ўсялякай агітацыі супроць выбараў. А сьвятароў прасіў, каб тыя заклікалі вернікаў узяць чынны ўдзел у выбарах.

Адметна, што, акрамя камуністаў, лібэрал-дэмакратаў Гайдукевіча і праваслаўных сьвятароў, ніхто нічога пэўнага спадару Чурсіну не паабяцаў.

Учора ж лідэр філіі ТБМ Сяргей Юркевіч атрымаў афіцыйнае папярэджаньне ад намесьніцы Чурсіна Данэліі Жук. Спадару Юркевічу інкрымінуецца нестатутная дзейнасьць — арганізацыя месяц таму сустрэчы сяброў Таварыства Беларускае Мовы зь лідэрам Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам, які тады, паводле зьвестак спадарыні Жук, агітаваў супроць выбараў у гэтак званы “Нацыянальны сход”.

Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org