RFE/RL |
Аўторак, 3 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Усяго тры з паловаю гадзіны спатрэбілася гэтак званай “Палаце прадстаўнікоў”, каб ухваліць у першым чытаньні праект дзяржаўнага бюджэту Беларусі на 2001 год, даходы якога складуць каля 5,5 млрд даляраў. Што да выдаткаў, дык улады падкрэсьліваюць, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў бюджэт мае сацыяльную скіраванасьць. Як паведаміў міністар фінансаў Мікалай Корбут, заплянаваныя даходы кансалідаванага бюджэту на наступны год складуць 5 трыльёнаў 700 мільярдаў рублёў (гэта паводле цяперашняга курсу ўсяго каля 5,5 мільярдаў даляраў). Бюджэт прадугледжвае і дэфіцыт каля 250 мільярдаў рублёў або столькі ж мільёнаў даляраў. Спрэчкі вакол праекту дзяржаўнага бюджэту, што выкладзены ў двух вялікіх тамах з рознымі табліцамі, доўжыліся ў палаце толькі гадзіну. Замест шостай вечара бюджэт быў ухвалены яшчэ да абеду — 80 галасоў “за”, 4 “супраць”. Цікава, што, паводле словаў міністра фінансаў Мікалая Корбута, больш як 77 адсоткаў заплянаваных выдаткаў бюджэту прызначана сацыяльнай сфэры. Гэта заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, іншыя выплаты жыхарам. Кіраўнік ураду спадар Ярмошын наўпрост зьвязаў павелічэньне долі выдаткаў з патрабаваньнямі Аляксандра Лукашэнкі: (Ярмошын: ) “Тое, што сёньня зроблены крэн у бюджэт на вырашэньне сацыяльных пытаньняў – ён выяўляецца ня толькі ў тым, што мы абавязкова выканаем патрабаваньне прэзыдэнта і народа па падвышэньні заробкаў. Мы значна павялічылі сродкі на бягучыя праблемы і паменшылі капітальныя.” Паведаміў прэм’ер-міністар спадар Ярмошын. Незалежныя аглядальнікі тлумачаць скарачэньне капітальных выдаткаў больш як на 3 адсоткі прэзыдэнцкімі выбарамі. Міністар фінансаў абяцае таксама, што грамадзяне Беларусі ў наступным годзе будуць аплочваць толькі пятую частку рэальнага кошту жыльлёва-камунальных паслугаў. Яшчэ з выбарамі можна зьвязаць рост бюджэтнага фінансаваньня дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі ў 2,5 разы ў параўнаньні зь бягучым годам — кампанія Віктара Чыкіна атрымае больш як 21 мільярд рублёў, гэта каля 20 мільёнаў даляраў. Больш як утрая павялічыцца й фінансаваньне саюзнага расейска-беларускага бюджэту — з 12 да 38 мільярдаў рублёў. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |