RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 3 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 2 кастрычніка)
Ужо тры днi ў Берасьцi не працуюць кiроўцы мiкрааўтобусаў, якiя аказваюць транспартныя паслугi на гарадскiх маршрутах. Сёньня ў другой палове дня яны сабралiся на адмысловы сход, каб вырашыць – цi варта працягваць страйк.

Як i папярэднi сход, што адбыўся 29 верасьня i на якiм было прынятае рашэньне спынiць працу, сёньняшняе мерапрыемства таксама было шматлюдным. Кiроўцы па-ранейшым пратэстуюць супраць дзеяньняў берасьцейскiх уладаў, якiя забаранiлi падвышаць кошты на праезд у маршрутным таксi.

Да 20 верасьня тарыф на адну паездку складаў 250 рублёў, але ў сувязi зь неаднаразовым падвышэньнем коштаў на палiва, павелiчэньнем мiнiмальнага заробку ў краiне ды iншымi прычынамi, гэты тарыф пачаў прыносiць кiроўцам страты. У вынiку яны вырашылi ўзьняць кошт праезду да 300 рублёў, што было расцэненае мясцовай вэртыкальлю як парушэньне заканадаўства. На некаторых з кiроўцаў былi складзеныя пратаколы з-за неабгрунтаванага, на думку ўладаў, падвышэньня тарыфаў. Гэтыя дзеяньнi i прымусiлi кiроўцаў берасьцейскiх таксi заступiцца за пакрыўджаных калегаў i выказаць свой пратэст.

Цiкава, што самi кiроўцы не жадаюць, каб iхная акцыя квалiфiкавалася як страйк, i гавораць, што спынiлi працу таму, што без падвышэньня коштаў выязджаць на маршрут немэтазгодна, бо гэта прынясе толькi страты.

Улады, адчуваючы, што кiроўцы маюць рашучыя намеры i гатовыя працягваць сваю акцыю, пайшлi iншым шляхам. Сярод берасьцейцаў, якiя пры паездках па горадзе зьведваюць зараз вялiкiя цяжкасьцi зь-за адсутнасьцi маршрутных таксi, распаўсюджваецца думка, што падвышэньня тарыфаў патрабуць толькi некаторыя кiроўцы, а асноўная маса жадае працаваць па ранейшых коштах.

Яшчэ больш красамоўнымi былi чыноўнiкi зь Берасьцейскага аблвыканкаму, якiя ў прыватных размовах з кiроўцамi заявiлi, што падвышаць кошты на праезд у таксi будзе дазволена, але толькi з 1 лiстапада, бо зараз iдзе перадвыбарчая кампанiя. Падвышэньне тарыфаў, маўляў, нэгатыўна адаб’ецца на спробах вэртыкалi правесьцi ў так званую Палату сваiх кандыдатаў.

Удзельнiкам сходу было таксама абвешчана, што супраць тых, на каго складзеныя пратаколы, санкцыi ўжытыя ня будуць. Акрамя таго, улады пажадалi атрымаць падрабязную калькуляцыю ўсiх затратаў, з дапамогай якiх кiроўцы маглi б абгрунтаваць падвышэньне коштаў на праезд у таксi. На думку кiроўцаў, гэта можа сьведчыць пра тое, што мясцовая вэртыкаль гатовая iсцi на саступкi. Таму некаторыя уладальнiкi таксi выказалi намер аднавiць працу, але большасьць чакае больш канкрэтнага адказу на свае патрабаваньнi i пакуль устрымлiваецца ад спыненьня страйку.

Алег Супрунюк,
Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org