RFE/RL |
Аўторак, 3 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
"Беларусь сёлета будзе мець найбольшую сярод дзяржаваў СНД інфляцыю", - заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску прадстаўнік Усясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік. Адной з умоваў Усясьветнага банку ў справе аднаўленьня крэдытнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю была валютная лібэралізацыя. У мінулым месяцы адзіны абменны курс беларускага рубля ўсталяваны. Аднак, як паведаміў Сяргей Кулік, Банк лічыць гэтыя зьмены недастатковымі. Камэнтуючы нашаму радыё цяперашнюю пазыцыю Ўсясьветнага банку ў дачыненьні да Беларусі, спадар Кулік зазначыў: “Нас вельмі хвалюе сытуацыя з разьвіцьцём вытворчых стасункаў у Беларусі, пытаньні структурнае перабудовы, фармаваньня ў краіне рынкавых мэханізмаў. Паводле папярэдніх прагнозных ацэнак Усясьветнага банку, Беларусь сёлета будзе мець найбольшую сярод дзяржаваў Садружнасьці інфляцыю. Таму нам хацелася б працягнуць дыялёг наконт структурных пераўтварэньняў у Беларусі”, — зазначыў Сяргей Кулік. Як вынікае зь ягоных словаў, кіраўніцтва Ўсясьветнага банку хоча ўпэўніцца ў доўгатэрміновасьці цяперашняга эканамічнага курсу беларускіх уладаў, скіраванага на рынкавыя пераўтварэньні. Апроч таго, паводле словаў Куліка, Банк шчыльна каардынуе свае дзеяньні зь Міжнародным валютным фондам. І таму сур’ёзная крэдытная падтрымка з боку Банку магчымая толькі пры аднаўленьні Фондам праграмаў супрацоўніцтва зь Беларусьсю. МВФ жа крэдытаваць Беларусь пакуль не зьбіраецца. І таму ў бліжэйшых плянах Усясьветнага банку — дапамагчы Беларусі ў сфэры энэргаашчаджэньня. Мяркуемы праект ахоплівае каля пяці соцень аб’ектаў сацыяльна-культурнае сфэры. Рэч, аднак, у тым, што й гэтаму намеру папярэднічае фінансавая ўмова Ўсясьветнага банку. А менавіта: партнэрства ў сфэры энергаашчаджэньня прадугледжвае на супольны праект шматмільённыя фінансавыя выдаткі і беларускага боку. Між тым, Сяргей Кулік ня ўпэўнены, што такія грошы знойдуцца сёньня ў беларускім бюджэце. Міхал Стэльмак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |