RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 3 Кастрычніка 2000

Сёньня



(эфір 2 кастрычніка)
У Магілеве сёньня прайшоў папераджальны страйк кіроўцаў маршрутных таксі.

Каля 9 гадзінаў раніцы кіроўцы машынаў таксі сабраліся на цэнтральнай плошчы Магілеву ля Дому саветаў. На праспэкце Міру, які прылягае да плошчы, былі прыпаркаваныя прыкладна паўсотні аўтамабіляў.

У вабласным цэнтры прыватнымі перавозкамі на мікрааўтобусах займаюцца больш за 100 чалавек, і ўсе яны бралі ўдзел у акцыі пратэсту. Да таго ж, на страйк у Магілеў прыехалі прадстаўнікі Крычава, дзе на маршрутных таксі працуюць 6 прыватнікаў. Кіроўцы пратэставалі супраць рашэньня рэспубліканскай падатковай інспэкцыі пра абавязковае ўсталяваньне на маршрутных таксі касавых апаратаў і выплаты ад гэтага момантту не фіксаванага падатку, а прыбытку.

Касавыя апараты каштуюць прыкладна 250 даляраў, і яны мала прыстасаваныя для аўтаномнай працы ў аўтамабілях. Акрамя таго, каб абслужыць аднаго пасажыра, кіроўцы трэба націснуць пяць кнопак, і гэты клопат тычыцца, да таго ж, бясьпекі руху. У прыватных гутарках супрацоўнікі дяржаўнай аўтаінспэкцыі выказваюць менавіта такія перасьцярогі.

Паводле словаў прыватных таксістаў, яны маюць прыбытак у 60-80 тысячаў беларускіх рублёў за месяц, і 250 даляраў за касавы апарат для іх – гэта вельмі дорага. Для параўнаньня: некаторыя зь іх набывалі свае патрыманыя “рафікі”, якія патрабавалі рамонту й дагляду, за 400 даляраў. Таму й вырашылі прыватнікі арганізаваць акцыю з мэтай абараніць сябе. Тым больш, што ў Менску й Берасьці, паводле іхнай інфармацыі, рашэньне пра ўсталяваньне касавых апаратаў на маршрутных таксі прыпынілі да высьвятленьня ўсіх абставінаў.

Зь ініцыятыўнай групай таксістаў мелі зносіны старшыня Магілеўскага гарвыканкаму Міхаіл Красноў і кіраўнік падатковай інспэкцыі вобласьці Генадзь Лаўранкоў. У гэты ж час усе кіроўцы вырашылі сабрацца на плошчы Арджанікідзэ, непадалёк ад цэнтру Магілева і чакаць рашэньня. Яны папярэдлзілі, што калі ўлады ня пойдуць ім насустрач, абласны цэнатр і Крычаў застануцца без маршрутных таксі.

Нарэшце, у падатковай інспэкцыі прыватьнікам растлумачылі, што яны могуць спакойна працаваць яшчэ тры месяцы. Але з пачатку 2001 году касавыя апараты павінны быць устаноўленыя, альбо іхная праца будзе спыненая.

Марыя Усьціновіч,
Магілеў


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org