RFE/RL |
Аўторак, 3 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Баранавіцкі гарвыканкам забараніў правядзеньне 8 кастрычніка шэсьця і мітынгу пад лёзунгам “За свабодныя і справядлівыя дэмакратычныя выбары”. Улады да апошняга дня цягнулі з адказам. Сёньня ж раніцай старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Алесь Пікула атрымаў з гарвыканкаму ліст, у якім паведамляецца, што правядзеньне шэсьця 8 кастрычніка вэртыкаль ня бачыць магчымым, бо гэта, маўляў, будзе перашкаджаць руху транспарту і пешаходаў, а таксама звычайнай жыцьцядзейнасьці насельніцтва. Крыху пазьней кіраўніку мясцовай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Сяргею Гоўшу гарвыканкамам быў выдадзены дазвол на правядзеньне мітынгу 8 кастрычніка з 12 да 14 гадзінаў. Арганізатараў акцыі толькі папярэджваюць, што яны ня маюць права выкарыстоўваць незарэгістраваную сымболіку. Паводле Алеся Пікулы, ён ня мае намеру абскарджваць праз суд рашэньне гарвыканкаму аб забароне шэсьця, бо лічыць больш мэтазгодным прыкласьці ўсе сілы на дапамогу праваабарончаму цэнтру “Вясна” у падрыхтоўцы мітынгу. Алесь Горбач, Баранавічы
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |