RFE/RL |
Панядзелак, 2 Кастрычніка 2000 |
Сёньня: |
Урад і парлямэнт Нямеччыны пакуль ня маюць намеру дасылаць на беларускія выбары 15 кастрычніка сваіх афіцыйных назіральнікаў. Пра гэта паведаміў сёньня амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Хорст Вінкэльман. Разам з тым дыплямат не выключае, што некаторыя нямецкія грамадзяне могуць прыехаць на выбары ў Беларусь прыватным чынам. Амбасада Нямеччыны арганізавала сёньня прэсавую канфэрэнцыю з нагоды 10-х угодкаў аб’яднаньня сваёй краіны. Аднак, журналістаў цікавіла ня толькі тэма нямецкага адзінства. Вось што адказаў Хорст Вінкэльман на пытаньні нашага радыё: “Ці выконваюць беларускія ўлады свае абяцаньні, дадзеныя прадстаўнікам эўрапейскіх структураў не перашкаджаць апазыцыі праводзіць кампанію байкоту выбараў?”, а таксама — “Ці прыедуць нямецкія назіральнікі на выбары 15 кастрычніка?”. Гаворыць Хорст Вінкэльман: “Мы паглядзім, якая ацэнка будзе дадзеная пасьля выбараў 15 кастрычніка з боку міжнароднае супольнасьці. Дыпляматычныя прадстаўніцтвы АБСЭ і Эўрапейскага Зьвязу зь вялікай увагаю сочаць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі. Мы шчыльна кантактуем з усімі, хто мае дачыненьне да выбарчага працэсу. Мне невядома пра тое, што ў Беларусь прыедуць зь Нямеччыны афіцыйныя назіральнікі за выбарамі. Але, магчыма, нехта прыедзе прыватным чынам, і потым дасьць свае камэнтары да ўбачанага. Мы гэтага не выключаем”, — паведаміў амбасадар Нямеччыны. Пры гэтым спадар Вінкэльман дадаў, што гэтыя нямецкія грамадзяне ні ў якім разе ня будуць мець статусу міжнародных назіральнікаў. А афіцыйныя колы Нямеччыны, паводле словаў амбасадара, будуць прытрымлівацца ў справе выбараў пазыцыі, выпрацаванай міжнароднымі структурамі. Гэта значыць, што афіцыйныя назіральнікі ў Беларусь не прыедуць, а маніторынг выбараў будзе зьдзяйсьняць група тэхнічных экспэртаў АБСЭ. Хорст Вінкэльман таксама патлумачыў, што ня можа цяпер канчаткова расставіць усе акцэнты, пакуль выбарчы працэс у Беларусі ня скончыўся. Галоўную ж мэту сваёй працы ў Беларусі спадар Вінкэльман акрэсьліў як спрыяньне выхаду краіны з канстытуцыйнага крызысу й паляпшэньню стасункаў з Захадам. Паводле словаў амбасадара, аб’ём нямецкіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку за апошнія гады не павялічыўся. Аднак Хорст Вінкэльман лічыць, што двухбаковыя беларуска-нямецкія стасункі разьвіваюцца даволі інтэнсыўна. Асабліва гэта тычыцца культурных, гуманітарных і бізнэс-кантактаў. Спадар Вінкельман сказаў, што яму цяжка вызначыць, у якой са сфэраў беларуска-нямецкія кантакты найбольш моцныя, бо, паводле ягоных словаў, нямецкая дзяржава не кантралюе сувязі сваіх жыхароў. Аднак пры гэтым ён дадаў, што нямецкая амбасада ў Менску толькі за мінулы год выдала каля 100 тысячаў візаў грамадзянам Беларусі. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |