RFE/RL |
Панядзелак, 2 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
У Фрунзэнскім судзе Менску сёньня пачалі судзіць жонку былога прэм’ера Юлію Чыгір. За тое, што ўкусіла міліцыянта, ёй пагражае да пяці гадоў турмы. Гэтая гісторыя пачыналася амаль як анэкдот, а можа скончыцца турмою. У траўні, у апошні дзень працэсу над былым прэм’ер-міністрам Міхалам Чыгіром ягоную жонку Юлію міліцыянты гвалтам не прапускалі на працэс. Вырываючыся, яна і ўкусіла аднаго зь міліцыянтаў за вуха. Гэта быў тыповы выпадак справакаванае самаабароны. Ад пачатку ўсё й выглядала як кур’ёз. Юлія Чыгір хоць і напісала скаргу ў пракуратуру, але сінякоў на сваёй руцэ не афішавала — усё спадзявалася на джэнтэльмэнскія паводзіны міліцыянтаў. Дарэмна. Праз тыдзень пасьля сутычкі Юлію Чыгір першы раз выклікалі на допыт у пакуратуру, дзе яна даведалася, што з пацярпелай стала падазронаю. А яшчэ празь нейкі час ёй паведамілі, што супраць яе ўзбуджаная крымінальная справа. Юлію Чыгір абвінавацілі ў нанясеньні траўмы міліцыянту (а гэтае злачынства караецца пяцьцю гадамі турмы), і ў стварэньні перашкодаў міліцыянтам (што караецца штрафам або годам зьняволеньня). Больш за два месяцы цягнулася сьледзтва, і ў рэшце рэшт справа апынулася ў судзе. Між тым, адвакатка Раіса Анішчанка, якая будзе абараняць Юлію Чыгір, перакананая, што жонку былога прэм’ера проста перасьледуюць з палітычных прычынаў: (Анішчанка: ) “Сілавыя структуры адпомсьцілі ёй, бо ня здолелі даказаць абвінавачваньні супраць Міхала Мікалаевіча Чыгіра. Там суд пакінуў толькі адзін эпізод, і той цяпер будзе абскарджвацца. Цяпер яны помсьцяць гэтай жанчыне. У судзе міліцыянт Амельчанка будзе сьцвярджаць, што Юлія Чыгір напала на міліцыянтаў, а яго пакусала наўмысна. Але гэта бяздоказна, і мы прад’явім суду відэастужку тых падзеяў. Пры жаданьні можна будзе зразумець, хто на каго нападаў. Гэта справа проста сфальшаваная, віны Юліі Чыгір няма, проста супраць ўсёй яе сям’і наладжанае цкаваньне”, — лічыць адвакатка Раіса Анішчанка. Сама Юлія Чыгір мяркуе, што загад на яе асуджэньне ўжо аддадзены, і нават называе пакараньне, якое ёй вынясе суд — вялікі грашовы штраф і год папраўчых работ. У тым, што судзьдзі гэты загад выканаюць, абвінавачваная мала сумняецца. Падставу падазраваць судзьдзяў у перадузятасьці Юлія Чыгір убачыла нават у тым, што сёньняшняе паседжаньне судзьдзя Фрунзэнскага суду Іна Ўгнівенка празь дзесяць хвілінаў пасьля адкрыцьця спыніла й перанесла на заўтра. Фармальна з-за таго, што абвінавачваньне было прад’яўлена Юліі Чыгір менш чым за тры дні да пачатку працэсу. Але судзьдзі гэта добра ведалі раней, але не адклалі паседжаньне, — заўважае Юлія Чыгір. Яна заяўляе: (Чыгір: ) “Што сёньня судзьдзя ня ведала аб гэтым, сакратар ня ведала? Для чаго гэта было зроблена? Каб яшчэ раз прынізіць, каб дачакацца, пакуль людзі разышліся, каб заўтра людзям надакучыла прыходзіць, каб заўтра я засталася адна”. Казала жонка былога прэм’ера Юлія Чыгір. Сёньня на суд над ёй прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дыпляматы й назіральнікі з АБСЭ. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |