RFE/RL |
Пятніца, 29 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
(эфір 30 верасьня) Навіны культуры мінулага тыдня. Насуперак пратэстам артыстаў тэатру “Вольная сцэна”, міністар культуры Аляксандар Сасноўскі пацьвердзіў прызначэньне мастацкім кіраўніком тэатру Валера Анісенкі замест надта незалежнага Валера Мазынскага. Каб прымусіць артыстаў пагадзіцца з гвалтоўным прызначэньнем, Анісенка дадаткова прызначаны й на пасаду дырэктара тэатру, а штат тэатру пашыраны на 15 акторскіх ставак, на якія будуць запрошаныя страйкбрэйкеры. Прафсаюз работнікаў культуры Менскае вобласьці зьвярнуўся да творчае інтэлігэнцыі сталіцы, а таксама да іншых прафсаюзаў з заклікам падтрымаць акцыю супраць жабрачых заробкаў працаўнікоў бюджэтнае сфэры. Сярэднямесячны заробак ва ўстановах мастацтва цяпер складае 47 тысячаў беларускіх рублёў, а ва ўстановах культуры — 53 тысячы, што значна ніжэй за рысу беднасьці. Прафсаюз прапаноўвае наладзіць акцыю ў выглядзе канцэрту, дзе канфэрансье будзе аб’яўляць імёны артыстаў разам зь іхнымі заробкамі й распавядаць пра гаротны стан інтэлігенцыі. Дзеля перастрахоўкі прафсаюз просіць не называць акцыю фінансавага стрыптызу акцыяй пратэсту. 4 кастрычніка ў кінатэатры “Змена” адбудзецца канцэрт-прэзэнтацыя першага кампакт-дыску з запісамі выбітнага опэрнага сьпевака Міхала Забэйды-Суміцкага, якому сёлета споўнілася б 100 гадоў. Выдавец рарытэтнага дыску — Беларуская Музычная Альтэрнатыва. На вечарыне выступяць сьпевакі й пісьменьнікі, а таксама аўтары дакумэнтальнага фільму “Вяртаньне Міхала Забэйды”. У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася міжнародная выстава “Ілюзія адлегласьцяў”, у якой, апроч беларускіх, бяруць удзел фотамастакі з Нямеччыны, Францыі ды Швэцыі. Асноўную частку экспазыцыі складаюць здымкі, зробленыя замежнікамі ў Беларусі. Адзін з найбольш цікавых удзельнікаў выставы — францускі паляк Богдан Канопка, заснавальнік мастацкага руху “Элемэнтарная фатаграфія”. На ягоных здымках помнік Леніну прыціскае да асфальту менскі Дом ураду, вылазяць з-пад зямлі бюсты Леніна й Маркса, а мэтафараю ўсёй лукашэнкавай Беларусі выглядае “Пункт Зэро” — Кастрычніцкі пляц, дзе месьціцца рэзыдэнцыя Лукашэнкі, найглыбейшая дзіра ў Эўропе. Гурт “Нэўрадзюбель” зьняў відэакліп на сваю новую кампазыцыю, якая мае назву “Вася п’е”. Гэтым разам рэжысэрам выступіў не Анатоль Вечар, а Юры Вяржыцкі. Апроч таго, “Нэўрадзюбель” скончыў працу над альбомам сваіх лепшых песень “Народнае багацьце”, куды ўвайшла й беларускамоўная песьня, якая мае назву “Але”. У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры праходзіць выстава старажытнакітайскага ўжытковага мастацтва. Тут можна ўбачыць традыцыйныя музычныя інструмэнты, рытуальны посуд, упрыгожаньні з нэфрыту ды іншыя вырабы старажытных майстроў. Некаторыя з 6 соцень экспанатаў аналягічныя тым, якімі кітайцы карысталіся яшчэ 4 тысячы гадоў таму. 30.000 габрэяў Беларусі адсьвяткавалі Новы год, паводле габрэйскага каляндара — 5761-ы. Менавіта ў гэты дзень былі створаныя Адам і Эва. Сьвяточныя імпрэзы праходзяць і сёньня ва ўсіх 18 сынагогах Беларусі. Юрась Барысевіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |