RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Нядзеля, 1 Кастрычніка 2000

Сёньня



28 верасьня з адмысловай заявай адносна выбараў у Беларусі і правядзеньня Маршу Свабоды-3 выступіў амэрыканскі сэнатар Бэн Найтгарс Кэмбэл, сустаршыня Камісіі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Сэнату ЗША, якую яшчэ называюць Гэльсынскай камісіяй. Падаем тэкст заявы.

“Я скарыстоўваю нагоду, каб паведаміць маіх калегаў пра актуальную сытуацыю ў Беларусі. Выбары ў Беларусі, прызначаныя на 15-га кастрычніка, на жаль не адпавядаюць асноўным стандартам АБСЭ адносна свабодных і справядлівых выбараў.

Многія аглядальнікі канстатуюць, што беларускі ўрад не дасягнуў сапраўднага прагрэсу ў выкананьні чатырох умоваў, неабходных для накіраваньня на выбары міжнародных назіральнікаў. Замест гэтага Гэльсынская Камісія назірае, што рэжым Лукашэнкі распачаў апошнімі днямі кампанію перасьледу сябраў апазыцыі. Мы атрымалі паведамленьні пра затрыманьні, штрафы ды зьбіцьцё апазыцыйных актывістаў, якія выступаюць за байкот выбараў і распаўсюджваюць лістоўкі ды літаратуру ў часе сустрэчаў з выбаршчыкамі.

Цягам апошніх тыдняў мы атрамалі зьвесткі пра адмову ў рэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў на вельмі сумнеўнай падставе; пра канфіскацыю ста тысячаў асобнікаў прафсаюзнай газэты “Рабочы”, пра сілавы разгон публічных выступленьняў прадстаўнікоў апазыцыі, напад на сядзібу Сацыял-дэмакратычнай партыі і забарону Першага фэстывалю незалежнай прэсы ў Віцебску.

У нядзелю, 1-га кастрычніка, беларускія апазыцыйныя партыі праводзяць у Менску Марш Свабоды-3. У часе шэрагу ранейшых дэмастрацыяў паліцыя праводзіла затрыманьні, перасьлед і зьбіцьцё іх удзельнікаў. Спадзяемся, што гэтая дэманстарцыя пройдзе мірна, і ўлады не абмяжуюць права беларускіх грамадзянаў на свабоду сходаў і згуртаваньяў, што паўстрымаюцца ад рэпрэсіяў супраць апазыцыі і тых, хто адкрыта выказваецца за байкот выбараў.

Гэльсынская Камісія працягвае пільна сачыць за разьвіцьцём падзеяў вакол выбараў ў Беларусі, і мы будзем паведамляць увесь Сэнат пра барацьбу за дэмакратыю ў гэтай краіне”.


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org