RFE/RL |
Нядзеля, 1 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Пасьля заканчэньня мітынгу на пляцы Бангалёр наш карэспандэнт запрасіў да мабільнага тэлефону старшыню БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ Вінцука Вячорку. (Карэспандэнт: ) “Спадар Вячорка, ці задаволеныя Вы сёньняшняй акцыяй?” (Вячорка: ) “Акцыя адбылася так, як мы і плянавалі, – відовішчна, прычым і з гледзішча візуальнага, і з гледзішча музычнага. Закончылася яна, як мы і плянавалі, дакладным інструктажом тых людзей, якія пацьвердзілі сваю нязгоду з выбарчым фарсам. Я лічу, што ім дадзены добры імпульс для працягу маршавай кампаніі. Сёлетняя восень адрозьніваецца ад вясны тым, што яна, так як і ў Сэрбіі, становіцца агульнанацыянальнай палітычнай кампаніяй”. (Карэспандэнт: ) “Толькі што Юры Хадыка сказаў пра падрыхтоўку да акцыі 8 кастрычніка, якая будзе праводзіцца ў 23 гарадох Беларусі. Як яна будзе выглядаць?” (Вячорка: ) “Наш Марш скончыўся спакойна, а менавіта сыгналу зь Менску чакала чынавенства большасьці гарадоў. Дагэтуль нідзе, нават у такіх прасунутых гарадох, як Горадня, мясцовае начальства не дало адказу на заяўкі нашых сяброў, на заяўкі аб правядзеньні мясцовых Маршаў Свабоды. Цяпер у іх ёсьць магутны аргумэнт на атрыманьне такіх заявак, фармальнае або явачным парадкам. Што датычыць улётак, налепак, то ў бальшыні з гэтых гарадоў такія падрыхтоўчыя акцыі ўжо адбыліся. Мы, людзі з аб’яднанай апазыцыі, разьедземся па ўсіх гэтых гарадох дзеля таго, каб данесьці да людзей і беспасярэдняе, аб’ектыўнае слова праўду, ну і для таго, каб натхніць людзей”. (Карэспандэнт: ) “Ці былі нейкія вітальныя звароты з боку замежных паплечнікаў і калегаў?” (Вячорка: ) “Я спадзяваўся, што мне беспасярэдне ўдасца зьвязацца з маімі сэрбскімі сябрамі, якім я ўжо паслаў нашае віншаваньне. Але ўсе мае сябры цяпер усе ў разьездах, на мітынгах. Я думаю, што яны духоўна з намі. Пакуль, трэба прызнаць, што нашае спаборніцтва яны выйграюць”. (Карэспандэнт: ) “Ці можна гаварыць пра тое, што сэрбскі досьвед можна перанесьці на беларускую сытуацыю, і што гэта будзе эфэктыўна і яшчэ ня позна?” (Вячорка: ) “Мы шмат чаму вучымся ў нашых сэрбскіх сяброў, бо яны ўрэшце перамаглі. Мы бачым, як яны, пачаўшы са сталічных мітынгаў, прывучылі да свабоднага выказваньня сваёй думкі людзей у рэгіёнах. І Нові Сад, і Краево, і Чачак, і іншыя сэрбскія гарады – гэтыя гарады выходзілі на акцыі нават больш актыўна, як Бялград. Яны апошнія два гады актыўна, магутна займаліся інфармацыйнай працай праз улёткі, праз хаджэньне ад дзьяврэй да дзьвярэй, праз распаўсюджваньне незалежнай прэсы, і я думаю, што калі мы думаем пра рэальную перамогу ў 2001 годзе, у якой бы форме тая перамога не дасягалася, нам трэба займацца чымсьці падобным”. Гутарыла Вольга Караткевіч, Прага |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |