RFE/RL |
Нядзеля, 1 Кастрычніка 2000 |
Сёньня |
Першы рэпартаж аднаго з нашых карэспандэнтаў на Маршы Свабоды-3. Ён знаходзіцца на месцы збору ўдзельнікаў сёньняшняй акцыі. (Каліноўскі: ) “Зараз у Менску 12:20. Пачынаецца Марш Свабоды-3. Адразу трэба адзначыць два адрозьненьні ад папярэдніх Маршаў. Гэтая акцыя дазволеная гарвыканкамам, і другое – у Менску надзвычай добрае: цёплае і сонечнае надвор’е. Арганізатары разьлічваюць у гэтай акцыі на посьпех. На пляцоўцы ля Акадэміі Навук сабралася недзе 5-7 тысяч чалавек. Ня так добра відаць з-за дрэваў. Калі людзі пастануць у калёну, дык будзе лепш відаць. Вельмі шмат моладзі. Актывісты Маладога Фронту ўзброіліся рознымі пішчалкамі, сьвісткамі, гучыць музыка. Лёзунгі на плякатах заклікаюць да байкоту выбараў у “палату прадстаўнікоў”, да змаганьня за незалежнасьць Беларусі і да свабоды палітвязьням. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў, сьцягоў Эўразьвязу, сьцягоў краінаў-суседзяў Беларусі. Я заўважыў тут назіральнікаў ад замежных пасольстваў, ад Канстультацыйна-назіральнай групы АБСЭ, некалькі сьвятароў. Міліцыі тут няшмат, але як мне паведаміў толькі што адзін з арганізатараў
акцыі Вячаслаў Сіўчык, адзін інцыдэнт ужо адбыўся.
Толькі што да людзей зьвярнуўся старшыня аргкамітэту Юры Хадыка. Ён заклікаў да дысцыпліны. Ён сказаў: “Масавасьць і дысцыпліна – гэта галоўныя нашыя аргумэнты”. Ён заявіў, што сутнасьць акцыі – гэта патрабаваньне роўных і свабодных выбараў. “Нашая мэта – перамога над рэжымам Лукашэнкі і перамены ў жыцьці, абарона незалежнасьці і дэмакратыі”, – заявіў Юры Хадыка. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |