RFE/RL |
Чацьвер, 30 Лістапада 2000 |
Сёньня |
У менскай штаб-кватэры СНД прайшлі паседжаньні адразу дзьвюх Радаў — міністраў замежных справаў краінаў Садружнасьці ды кіраўнікоў урадаў. Галоўным пытаньнем нарады было стварэньне Антытэрарыстычнага цэнтру СНД, але Ўкраіна нечакана прапанавала абмеркаваць пытаньне пра закрыцьцё Чарнобыльскае АЭС. На паседжаньні Рады міністраў замежных справаў было абмеркавана 15 пытаньняў, збольшага арганізацыйныя ды зьвязаныя з падрыхтоўкаю паседжаньня Рады кіраўнікоў дзяржаваў, што адбудзецца заўтра. Аднак на выніковым брыфінгу міністар замежных справаў Ігар Іваноў заявіў: (Іваноў: ) “Асаблівая ўвага была нададзеная блёку пытаньняў пра стварэньне Антытэрарыстычнага цэнтру дзяржаваў–удзельніцаў СНД. Хаця там нейкія пытаньні засталіся яшчэ для наступнага вырашэньня, але ўсе дзяржавы гэтае рашэньне падтрымалі. І адпаведныя пункты парадку дня ўхваленыя. Такім чынам, нам удалося выйсьці на важнае кампраміснае рашэньне ў гэтым пытаньні, і пра гэта мы будзем дакладваць Радзе кіраўнікоў урадаў ды Радзе кіраўнікоў дзяржаваў. Важна, што зацьверджаны праект палажэньня пра Антытэрарыстычны цэнтар”, — паведаміў расейскі міністар Іваноў. Ён дадаў, што аналягаў такога цэнтру ў сьвеце няма. Старшыня выканкаму СНД Юры Яраў распавёў, што цэнтар пачне працаваць ужо зь 1 сьнежня. На апошні месяц гэтага году на ягоную дзейнасьць будзе выдаткавана крыху больш за 3 мільёны расейскіх рублёў, а на ўвесь наступны год — 12 мільёнаў 700 тысячаў. На пытаньне, ад каго ж Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў мусіць чакаць тэрарыстычную пагрозу, Ігар Іваноў адказаў гэтак: (Іваноў: ) “Я думаю, что ў асноўным гэта два накірункі: Каўказ і Цэнтральная Азія.” Заявіў Ігар Іваноў. Напачатку нарады ён сказаў, што, хаця новага ўкраінскага міністра замежных справаў Анатоля Злэнкі зараз няма, усе яго любяць ды вітаюць. Пасьля спадар Іваноў распавёў журналістам, што сёньняшняя прапанова Ўкраіны абмеркаваць пытаньне пра закрыцьцё Чарнобыльскай АЭС ды зрабіць гэтую падзею знамянальнаю для ўсяе СНД была падтрыманая ўсімі краінамі. Я запытаў новага беларускага міністра замежных справаў Міхала Хвастова, у чым Беларусь бачыць знамянальнасьць закрыцьця ЧАЭС? (Хвастоў: ) “Беларусь узяла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы гэтага рашэньня, больш за тое — ва ўзгадненьні тэксту самое заявы. Мы ацэньваем гэта як вельмі пазытыўны крок з боку Ўкраіны. Больш таго, скажу, што наш прэзыдэнт атрымаў запрашэньне ад прэзыдэнта Ўкраіны ўзяць удзел у гэтай падзеі 15 сьнежня. Запрашэньне гэтае ўважліва разглядаецца, і я думаю, што яно будзе прынятае”, — сказаў беларускі міністар Хвастоў. А вось ягоны расейскі калега Ігар Іваноў ня змог адказаць на маё пытаньне, ці атрымаў такое ж запрашэньне ад Леаніда Кучмы прэзыдэнт Расеі. Спадар Іваноў нічога пра гэта ня ведае. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |