RFE/RL |
Чацьвер, 30 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Не спыняецца судовы канвэер адміністрацыйных спраў затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі моладзевых арганізацыяў, што адбылася 12 лістапада. З 26 адміністрацыйных справаў затрыманых удзельнікаў моладзевай акцыі “Пераменаў!” да сёньняшняга дня заставалася не разгледжанай толькі справа Сяргея П’яных. Сёньня судзьдзя пасьля выступу гэтак званага “правапарушальніка” вымушаны быў адкласьці справу з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі. Рэч у тым, што на Сяргея П’яных пратакол складалі афіцэры міліцыі Першамайскага РАУСу. Яны й павінны былі сёньня даваць паказаньні. Але на запыт адміністрацыйнага судзьдзі Юрыя Гарбатоўскага ў РАУСе адказалі, што супрацоўнікам міліцыі няма часу хадзіць па судох, бо з-за маючага адбыцца саміту яны задзейнічаныя ў нейкіх адмысловых захадах у ахове грамадзкага парадку… Кіраўнік службы грамадзкае бясьпекі Першмайскага РАУСу Мікола Несьцяровіч пацьвердзіў гэтую інфармацыю: (Несьцяровіч: ) “Яны ня могуць прыехаць, ёсьць розныя службовыя пытаньні. Іх шмат: і па саміце па гэтым…” Паведаміў маёр Мікола Несьцяровіч. Разгляд справы Сяргея П’яных перанесены на 6 сьнежня. Нагадаем, што, паводле прысудаў, затрыманыя ўдзельнікі апазыцыйнага шэсьця, а ў асноўным гэта студэнты, атрымалі папярэджаньні, штрафы і адзін чалавек — трое сутак арышту. Непаўнагадовыя (некалькі дзясяткаў чалавек) дагэтуль прыходзяць з бацькамі ў выканкамы, каб камісіі ў справах непаўнагадовых вынесьлі ім прысуды. Любоў Лунёва, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |