RFE/RL |
Чацьвер, 30 Лістапада 2000 |
Сёньня: |
Жонка й маці Зьміцера Завадзкага напісалі лісты да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, а таксама да Аляксандра Лукашэнкі, Паўла Барадзіна і Ўрала Латыпава з просьбаю актывізаваць пошукі зьніклага апэратара ОРТ. Гэтыя пасланьні плянуецца перадаць адрасатам у часе саміту ў Менску. Сьвятлана Завадзкая, жонка апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага, і ягоная маці Вольга напісалі й перадалі журналістам карэспандэнцкага пункту ОРТ лісты, адрасаваныя Ўладзімеру Пуціну, Аляксандру Лукашэнку, Паўлу Барадзіну і Ўралу Латыпаву. Сваякі зьніклага спадзяюцца, што ягоным калегам, скарыстаўшы магчымасьць працы на саміце ў Менску, удасца перадаць пасланьні адрасатам з рук у рукі. Найперш Сьвятлана й Вольга Завадзкія спадзяюцца на дапамогу Ўладзімера Пуціна, які, на іх думку, можа паўзьдейнічаць і на кіраўнікоў Беларусі. Сьвятлана Завадзкая распавяла пра зьмест кожнага зь лістоў: “Пуціна просім, каб узяў удзел у пошуках і знаходжаньні Дзімы. Лукашэнку — каб нас інфармавалі ўрэшце, што ж адбываецца на самой справе. Латыпаву — тое самае, ён жа цяпер узначаліць Раду Бясьпекі. Пра яго нам казалі, што разумны й сур’ёзны, ва ўсякім разе, ня тое, што ранейшыя. Асабіста я не спадзяюся асабліва на Паўла Барадзіна, я памятаю, як ён у перадачы Любімава пераводзіў гаворку зь лёсу Дзімы на эканамічныя тэмы. Але Вольга Рыгораўна вырашыла і яму напісаць, бо ён жа заявіў тады, што многім дапамагаў, і калі будзе да яго афіцыйны зварот, дык і тут паспрабуе дапамагчы”, — гэта пра зьмест лістоў, накіраваных кіраўнікам Расеі і Беларусі, распавяла Сьвятлана Завадзкая. Пакуль няма зьвестак, ці дайшлі лісты да адрасатаў. Карэспандэнт ОРТ Зьміцер Наважылаў сказаў ураніцу, што паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб лісты Сьвятланы й Вольгі Завадзкіх былі перададзеныя як мага хутчэй. Нагадаем, гэта ўжо ня першая спроба сваякоў зьніклых грамадзянаў Беларусі шукаць дапамогі ў кіраўнікоў краінаў, якія могуць паўплываць на мясцовыя падзеі. Да былога прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына й прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана зьвярталася жонка зьніклага міністра ўнутраных справаў Беларусі Вольга Захаранка, але выніку гэта не дало. Ветлівы адказ пра тое, што справа расьсьледуецца беларускімі праваахоўнымі ворганамі, атрымала на свой зварот ужо да Ўладзімера Пуціна жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда. Гэта было на пачатку года. Ганчар дагэтуль ня знойдзены. Цяпер да кіраўніка Расеі апэлююць сваякі апэратара ОРТ Зьміцера Завадзкага. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |