RFE/RL |
Чацьвер, 30 Лістапада 2000 |
Сёньня |
Расейская рэакцыя на сёньняшні саміт у Менску. Маскоўскія назіральнікі адзначаюць, што Лукашэнка ідзе на сур’ёзныя саступкі, бо спрабуе займець падтрымку Расеі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Абставіны прымушаюць Аляксандра Лукашэнку згаджацца на тыя умовы аб’яднаньня з Расеяй, якія дыктуе Крэмль. Такое думкі ў тае ці іншае форме прытрымліваецца большасьць расейскіх назіральнікаў. Найбольш катэгарычна выказваецца на гэты конт газэта «Коммерсантъ»: «Падпісаньне дамовы аб адзінае валюце фактычна азначае пачатак аншлюсу – далучэньня Беларусі да Расеі, а не аб’яднаньня дзвюх дзяржаваў, як дамагаўся Лукашэнка». На думку газэты, новае расейскае кіраўніцтва апошнім часам паступова прывучала Лукашэнку да думкі, што адмаўляцца ад саюзу з Беларусьсю яно не зьбіраецца, але мае намер будаваць яго толькі на ўласных умовах. Газэта лічыць, што канчатковай мэтай Расеі стане зьвядзеньне статусу Беларусі да фэдэральнае акругі ў складзе Расеі і, адпаведна, статусу Лукашэнкі да звычайнага кіраўніка гэтае акругі. «Фактычна, – адзначае газэта, – спадару Лукашэнку вылучаны ўльтыматум: альбо ён прымае такую формулу адносінаў... альбо Масква робіць стаўку на іншага, больш згаворлівага, беларускага палітыка. І прызначаныя на наступны год выбары прэзыдэнта Беларусі тут вельмі дарэчы». Расея ніколі ня пойдзе на стварэньне саюзнае дзяржавы, дзе было б два цэнтры кіраваньня, згаджаецца супрацоўнік Інстытуту Эўропы расейскай Акадэміі навук Аркадзь Мошэс. Ён фармулюе сваю думку так: «Непазьбежнае замацаваньне двоеўладзьдзя ў саюзнае дзяржаве ішло б насуперак цяперашняй палітыцы цэнтралізацыі ўлады ў Расеі». Камэнтатары лічаць, што жорсткі кантроль з боку Расеі за дзеяньнямі беларускіх уладаў патрэбны і таму, што пры цяперашняй эканамічнай палітыцы ўраду Беларусі – немагчыма ажыцьцявіць пляны ўвядзеньня адзінае валюты. У Расеі ня так шмат грошай, каб падтрымліваць беларускія эканамічныя экпэрымэнты. Ускосна гэта прызнаюць і ў атачэньні прэзыдэнта Расеі. Так дарадца Уладзімера Пуціна ў эканамічных пытаньнях Андрэй Іларыёнаў увогуле паставіў пад сумнеў эканамічны рост Расеі ў бліжэйшыя гады. На ягоную думку сёньняшні эканамічны рост адбываецца выключна з-за высокіх коштаў на нафту. Калі кошты на нафту будуць падаць, то ў жніўні-верасьні наступнага году Расею можа чакаць эканамічны крызіс і чарговы дэфолт. Адзінае выйсьце ў гэтае сытуацыі, – лічыць Іларыёнаў, – скараціць бюджэтныя выдаткі і скіраваць усе грошы на выплату запазычанасьці заходнім крэдыторам. А як вядома, менавіта з-за высокіх даходаў свайго бюджэту Расея зараз мае магчымасьць падтрымліваць эканоміку Беларусі крэдытамі і марыць пра ўвядзеньне адзінае валюты. Віктар Дзятліковіч, Масква
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |