RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня



Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік у інтэрвію нашай праграме адзначыў, што апошнія рэзкія выказваньні Лукашэнкі на адрэсу групы выкліканыя нязьменнасьцю пазыцыі АБСЭ што да Беларусі. Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў лічыць, што атака Лукашэнкі на Місію АБСЭ выклікана найперш непрызнаньнем Эўропаю выбараў у “Палату прадстаўнікоў”.

Пад час учорашняга выступу перад кіраўніцтвам КГБ Аляксандар Лукашэнка выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці далейшага знаходжаньня ў Беларусі місіі АБСЭ. «Пад эгідаю правадніка дэмакратыі ў нас у краіне функцыянуе КНГ, якую мы спрабавалі ўвесь час чымсьці ўлагоджваць», — заявіў Лукашэнка. Паводле Лукашэнкі, сваю ролю Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ўжо выканала, рыхтуючы рэкамэндацыі ў справе ўдасканальваньня беларускага выбарчага заканадаўства.

Ён таксама паставіў перад КГБ задачу атрымліваць інфармацыю пра пляны й намеры замежных заходніх цэнтраў. «Неабходна стварыць жорсткі контравыведвальны рэжым побыту ў Беларусі замежных дыпляматаў і выкананьня імі беларускага заканадаўства, актыўна дакумэнтаваць іхную супрацьпраўную дзейнасьць, а яе дастаткова», — заявіў Лукашэнка.

Варта заўважыць, што з пагрозамі на адрэсу КНГ Аляксандар Лукашэнка выступае ўжо не ўпершыню. Аднак гэтым разам складваецца ўражаньне, што пачалася скаардынаваная і добра арганізаваная кампанія.

Ва ўнісон з Лукашэнкам супраць знаходжаньня ў Беларусі місіі АБСЭ выступілі дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў” Аляксандар Шпілеўскі ды Анатоль Малафеяў. У прыватнасьці, Шпілеўскі, які даўно ўжо змагаецца зь місіяй, заявіў, што КНГ АБСЭ “фактычна стала штабам апазыцыі”.

А Анатоль Малафееў, які зараз зьяўляецца старшынём камісіі міжнародных справаў Палаты, заявіў, што “дзейнасьцю місіі ствараецца хваля процістаяньня, якая парушае стабільнасьць у грамадзтве».

Апошнія выказваньні Лукашэнкі ды іншых афіцыйных асобаў для нашага радыё пракамэнтаваў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік:

(Вік: ) “Заявы Лукашэнкі трэба разглядаць у кантэксце Канфэрэнцыі міністраў замежных справаў краінаў АБСЭ, якая прайшла 27-28 лістапада ў Вене. Гэтае паседжаньне завершылася без прыняцьця выніковага дакумэнту. Не было дасягнута ніякага пагадненьня наконт Беларусі. Міністры замежных справаў Расеі і Беларусі выказалі крытыку на адрэсу АБСЭ ў цэлым, і ў прыватнасьці, у дачыненьні да пазыцыі АБСЭ датычна Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Вы ведаеце пра словы спадара Лукашэнкі, які заявіў, што варта падумаць пра месца й ролю місіі АБСЭ ў Беларусі?”

(Вік: ) “Так. І я сказаў Вам, у якім кантэксьце Вы мусіце разглядаць гэтую заяву. Гэта мой адказ на Вашае пытаньне”,

Варта патлумачыць, што на саміце ў Вене была спроба зноў даць ацэнку «выбарам» у “Палату прадстаўнікоў” — пры гэтым акцэнт рабіўся на стварэньні перадумоваў для прэзыдэнцкіх выбараў.

Чым выкліканыя апошнія напады Лукашэнкі на місію АБСЭ ў Беларусі? Вось што лічыць міжнародны каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саньнікаў…

(Саньнікаў: ) “Я лічу, выклікана вынікамі выбараў перадусім. Таму што Лукашэнка і сам спадзяваўся, і яму абяцалі вось тыя, хто зараз сталі сакратарамі Рады Бясьпекі ці іншыя з МЗС, што місія АБСЭ дапаможа прызнаць вынікі выбараў і прызнаць вось другую “палатку”. Гэтага не адбылося, і зараз ён напалоханы тым, што пад час прэзыдэнцкіх выбараў, якія ці адбудуцца, ці не, таксама місія будзе выконваць абавязкі – назіраць за выкананьнем усяго працэсу, усіх умоваў і перадумоваў для выбараў”.

Кіраўнік КНГ Ганс-Георг Вік адзначыў днямі, што эўрапейскія структуры маюць намер “аднавіць свае спробы стварыць дэмакратычна прыймальныя ўмовы для выбараў”. У той жа час Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад кіраўніцтвам беларускага КГБ, заявіў: “Ніхто больш ня будзе ламаць заканадаўства да прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе”. Да якіх наступстваў можа прывесьці гэтая супрацьлегласьць падыходаў? Адказвае Андрэй Саньнікаў…

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што зараз ён апынуўся ў пастцы, якую сам і стварыў. Абяцаньні ягоныя вядомыя. Абавязацельствы, якія Беларусь брала на сябе пад час сустрэчаў у АБСЭ на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў, міністраў замежных справаў, яны зьяўляюцца юрыдычнымі абавязацельствамі, і іх трэба выконваць”.

(Карэспандэнт: ) “Выглядае, што выхад тады – альбо выконваць гэтыя абавязацельствы, альбо – што? – разрываць усялякія цывілізаваныя дачыненьні з эўрапейскімі структурамі?”

(Саньнікаў: ) “Я ня ведаю, у якой ступені гэта магчыма – разарваць дачыненьні, бо тады няёмка стане хаўрусьнікам Лукашэнкі, якія зараз у Крамлі. Таму што гэтыя абавязацельствы былі ўзятыя і пры дапамозе Расеі. Але зараз ён разгублены, ён напалоханы. Ён ведае, што ён ужо ніяк не выйграе прэзыдэнцкіх выбараў. Таму й робіць гэтыя крокі, таму й палохае замежнікаў. Палохае ня толькі місію АБСЭ, але й іншых замежных дыпляматаў”.

Дарэчы, некалькі словаў пра статус КНГ АБСЭ ў Беларусі. Тэрмін дзейнасьці групы, паводле падпісаных двухбаковых дакумэнтаў паміж Беларусьсю і АБСЭ, неабмежаваны. Фармальна Беларусь можа выдаліць місію ў любы момант, скасаваўшы адпаведнае пагадненьне. Але маштаб скандала, які можа ўзьнікнуць у такім выпадку, цяжка нават уявіць.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org