RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 29 Лістапада 2000

Сёньня



На буйных прадпрыемствах Воршы чакаюцца істотныя скарачэньні рабочых…

Акцыянэрнае таварыства “Орша” ўжо вядомае на ўсю Беларусь ці не самымі нізкімі заробкамі ў сваёй галіне ды самымі працяглымі прастоямі. А апошнімі днямі рабочых чакае тут яшчэ адно выпрабаваньне – маштабнае скарачэньне. Да 30 лістапада мусіць быць вызначаныя семсот чалавек, якія пад яго падпадаюць.

Магчыма, што скарачэньні закрануць ня толькі рабочых, але і інжынэрна-тэхнічны пэрсанал, бо на заводзе маюцца участкі, дзе майстар кіруе дваццацьцю ці меней рабочымі. Пад скарачэньні гэтым разам падпадаюць самыя ўпартыя, што дагэтуль былі ўпэўненыя ў словах Лукашэнкі пра заводы, якія яшчэ можна запусьціць.

Усе астатнія пакінулі роднае прадпраемства добраахвотна і значна раней. Куды сёньня падзецца тым, каго скарацілі, не вядома. Рынкавым прадпрымальнікам стаць, відавочна, нявыгадна, а пайсьці на іншае прадпрыемства… Ці ня ўзнікне скарачэньняў таксама?

Як паведаміў старшыня аршанскага Вольнага прафсаюзу Васіль Леўчанкаў, да 5 сьнежня мусіць адбыцца скарачэньне і на фірме “Лёс” – колішнім гіганце радыёэлектроннай прамысловасьці ў спадарожніку Воршы горадзе Барань.

Паводле загаду кіраўніцтва, ад пяцісот да дзевяцісот чалавек могуць пад яго падпасьці. Сябры Вольнага прафсаюзу нявесела жартуюць, што толькі за кошт скарачэньняў апошнія рабочыя змогуць атрымаць абяцаны некалі Лукашэнкам заробак у сто даляраў. Іншых шляхоў беларуская эканоміка пакуль ня ведае.

Дарэчы, зь імем А. Лукашэнкі напрост зьвязаныя цяпер і падзеі на яшчэ адным колішнім прамысловым гіганьце - аршанскім Ільнокамбінаце. На пачатку сьнежня тут чакалі скарачэньня цэлай фабрыкі, былой першай чаргі. Яна прастойвала ўжо тры месяцы, а ў апошнія тыдні да яе далучылася і другая фабрыка.

Старшынём тутэйшай суполкі Вольнага прафсаюзу Аляксандрам Козырам быў накіраваны запыт у адміністрацыю прадпрыемства наконт верагоднай колькасьці скарочаных. Але запыт пакуль што застаўся без адказу. І, увогуле, усе гаворкі пра скарачэньне прыцішыліся. Пэўна таму, што 8 сьнежня Ільнокамбінат рыхтуецца адзначыць сваё сямідзесяцігоддзе. У дзень юбілею чакаецца асноўны падарунак – прыезд А.Лукашэнкі. І рабочых, мабыць, вырашына напярэдадні не дражніць.

Браніслава Станкевіч, Ворша


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org